Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад вакацыямі дэпутатам павялічылі зарплату — амаль да 2 мільёнаў рублёў


Валер Каліноўскі, Менск Завяршылася першая сэсія новага складу Палаты прадстаўнікоў. Большасьць дэпутатаў адкінула альтэрнатыўны законапраект аб асноўных кірунках унутранай і зьнешняй палітыкі, ухваліўшы ўрадавы праект.

Пасьля сэсіі парлямэнтары атрымалі з рук сьпікера Ўладзімера Канаплёва дэпутацкія значкі й пасьведчаньні ды паехалі на “выязное паседжаньне” ў Дудуткі. Акрамя пачатку парлямэнцкіх канікулаў, якія працягнуцца да красавіка, у дэпутатаў была яшчэ адна прыемная нагода наведаць забаўляльны цэнтар у Дудутках — са сьнежня ў іх амаль на траціну вырасла заработная плата, цяпер яна складае амаль 2 мільёны рублёў.

Апошнім законапраектам, які разгледзела Палата прадстаніўкоў, быў праграмны закон “Аб зацьвярджэньні асноўных кірункаў унутранай і зьнешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь”. Адрозна ад звычайнай практыкі, дэпутаты мелі ня толькі ўнесены ўрадам праект, але і альтэрнатыўны, падрыхтаваны дэпутацкай групай “Садзеяньне эканамічнаму разьвіцьцю” яшчэ зь мінулага скліканьня. Апошні быў больш разгорнуты і лібэральны, яго прадстаўляла Вольга Абрамава. Аднак усяго толькі шасьцёра дэпутатаў выказаліся на карысьць альтэрнатывы.

Адметна, што ва ўхваленым ўрадавым законапраекце ў разьдзеле зьнешняй палітыкі няма і згадкі пра саюзную дзяржаву з Расеяй і ўвядзеньне адзінай валюты. Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Сычоў, які прадстаўляў праект ад імя ўраду, патлумачыў, што гэта ня значыць, што будзе аслабленьне сувязяў з Расеяй, але гэты канцэптуальны закон мае ўлічваць шматвэктарнасьць зьнешняй палітыкі.

(Сычоў: ) ”Нам патрэбна разьвіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з усімі краінамі, таму мы там і прапісваем: амэрыканскі рэгіён, афраазіяцкі, постсавецкую прастору, Эўрапейскі Зьвяз, — там, дзе ёсьць выгада для Беларусі, там мы і павінны працаваць”, — сказаў Аляксандар Сычоў.

Адзін з новых дэпутатаў Генадзь Давыдзька задаволены складам палаты і тым, як дэпутаты прыступілі да працы:

(Давыдзька: ) “Тут ёсьць некаторыя асобы вельмі разумныя, вельмі сьмелыя, і ўвогуле, я задаволены тым станам інтэлектуальным, які ёсьць цяпер у парлямэнце. Я думаю, што гэты парлямэнт баявы, ён сябе яшчэ пакажа”.

Генадзь Давыдзька не выключае, што з часам у Палаце зьявіцца і апазыцыя. Ягоныя калегі, якія былі ў папярэднім складзе парлямэнту, лічаць, што дзеля таго, каб новы склад Палаты структураваўся, каб зьявіліся новыя групы і лідэры, спатрэбіцца год ці два.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG