СТАМБУЛ. Прэм’ер-міністар Турэччыны Таып Эрдаган вярнуўся з Брусэлю пасьля ухвалы распачаць перамовы аб уступе гэтай краіны ў Эўразьвяз. Яго сустракаў 2-хтысячны натоўп з турэцкімі сьцягамі і сьцягамі Эўразьвязу.
Вядучая газэта краіны “Хурыэт” сёньня вітала падзею, якая адбылася ў Брусэлі. Тым часам некаторыя нацыялістычныя выданьні назвалі гэта ганьбай для Турэччыны.
Учора была дадзена згода распачаць у кастрычніку наступнага году перамовы наконт турэцкага ўдзелу ў Эўразьвязе. Аднак ня вызначана працягласьць перамоваў і няма гарантыі, што яны скончацца пасьпяхова для Турэччыны.
Сёньня Эрдаган прамаўляў да тысячаў сваіх прыхільнікаў у Стамбуле і ў Анкары. Ён сказаў, што вынік не павінен расслабляць туркаў. І што ўсе яны, а ня толькі ўрад, павінны зараз яшчэ больш працаваць, каб дасягнуць яшчэ большага поступу да ўступленьня ў Эўразьвяз.