Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ідзе расьсьледаваньне зьбіцьця расейскіх журналістаў у Менску пасьля рэфэрэндуму?


Юры Сьвірко, Менск МЗС Беларусі паведаміла расейскай амбасадзе ў Менску, што абставіны таго, як неўзабаве пасьля рэфэрэндуму зьбівалі супрацоўнікаў тэлеканалаў НТВ і РЭН-ТВ, расьсьледуе пракуратура. Аднак апошняя гэта абвяргае.

Нагадаю, што 19 кастрычніка ў рэстаране “Патыё-піца” былі зьбітыя лідэр АГП Анатоль Лябедзька ды расейскія тэлевізійнікі, якія спрабавалі зьняць гэта на стужку, — апэратары НТВ Канстанцін Марозаў і РЭН-ТВ Уладзімер Косьцін. Пасьля гэтага расейскае МЗС запатрабавала ад Беларусі тлумачэньняў, і вось цяпер зьявілася першая інфармацыя пра адказ афіцыйнага Менску.

На чарговым брыфінгу прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных паведаміў, што дыпляматычнае ведамства атрымала адказ зь Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі на запыт пра абставіны зьбіцьця супрацоўнікаў расейскіх тэлеканалаў 19 кастрычніка ў Менску, падчас апазыцыйнай акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў выбараў і рэфэрэндуму.

Паводле спадара Савіных, гэтая інфармацыя МУС была перададзеная ў амбасаду Расеі ў Менску, але пра зьмест адказу прэсавы сакратар нічога не распавёў. Дарадца расейскай амбасады Аляксандар Фралоў сказаў:

(Фралоў: ) “Я б не назваў гэта адказам, калі шчыра. Ноту мы атрымалі, у ноце было дзьве пазыцыі. Першая — гэта тое, што журналісты самі ў праваахоўныя органы не зьвярталіся з нагоды якіх-небудзь правапарушэньняў у дачыненьні да іх. А па-другое — што паводле факту гэтых беспарадкаў 18–19 кастрычніка распачатая пракуратурай крымінальная справа, і яна расьсьледуецца, падчас расьсьледаваньня будуць дадзеныя прававыя ацэнкі дзеяньням усіх удзельнікаў беспарадкаў. Але тлумачэньняў таго, што адбылося з журналістамі, мы не атрымалі”.

Супрацоўнік пракуратуры Менску Валеры Іваноў на пытаньне, ці сапраўды распачатая крымінальная справа наконт 18–19 кастрычніка, адказаў гэтак:

(Іваноў: ) “Адназначна магу сказаць, што гарадзкая пракуратура такой справы не распачынала. Наконт рэспубліканскай не магу адказаць — ня ведаю”.

Але й прэсавы сакратар Пракуратуры Беларусі Юры Азаронак заявіў Радыё Свабода, што “гэта справа не рэспубліканскай пракуратуры — мажліва, гэтым займаецца раённая”.

У пракуратуры Ленінскага раёну Менску таксама сказалі, што яны справай пра падзеі 18–19 кастрычніка не займаюцца. Хаця менавіта гэтая раённая пракуратура ўжо адмовілася распачаць крымінальную справу паводле заявы Анатоля Лябедзькі, якога зьбілі адначасова з расейскімі тэлекарэспандэнтамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG