Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раса Юкнявічэне – Літва таксама павінна быць адказная за дэмакратызацыю Беларусі


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі паводле вынікаў Вашынгтонскага форуму парлямэнцкай асамблеі НАТО дэпутатка літоўскага Сойму, сябра парлямэнцкай асамблеі НАТО Раса Юкнявічэне акцэнтавала праблему адказнасьці Літвы за дэмакратычную сытуацыю ў Беларусі.

Прадстаўляючы сёньня ў парлямэнце на прэсавай канфэрэнцыі вынікі штогадовага трансатлянтычнага парлямэнцкага форуму парлямэнцкай асамблеі НАТО, што адбыўся ў Вашынгтоне на мінулым тыдні, дэпутатка літоўскага парлямэнту Раса Юкнявічэне сказала, што “на Захадзе, асабліва ў ЗША, скончыўся рамантычны аптымізм у дачыненьні да Расеі”. Відавочна, што працэсы ў Расеі ацэньваюцца інакш, чым тры гады таму, і гэта найбольш адчувалася на форуме ў прэсавых паведамленьнях, аглядах аналітыкаў.

Пасьля выбару новага Сойму ў Літве з боку парлямэнтароў гучалі розныя выказваньні – і пра нэўтральнасьць Літвы ў дачыненьні да сытуацыі ў Беларусі і падзеяў ва Ўкраіне, і пра ролю Літвы ў якасьці мосту паміж “Усходам” і “Захадам”.

Раса Юкнявічэне адзначыла што ад згоды ў прынцыповых пытаньнях адносна дэмакратычных працэсаў і пагрозаў ім у бліжэйшых суседніх краінах залежыць актыўная пазыцыя Літвы ў НАТО і Эўразьвязе што да сытуацыі ў Беларусі.

(Юкнявічэне: ) “Літва мае голас у гэтых інстытуцыях. І гэты голас чутны. Калі ясна артыкуляваць пагляды парлямэнтароў літоўскага Сойму – Літва можа заняць дваістую пазыцыю (адносна сытуацыі ў Беларусі.) З аднога боку, можна пачуць ад часткі новага кіраўніцтва Сойму пра тое, што ня трэба мяшацца, гэта, маўляў, ня нашая справа, трэба заплюшчыць вочы на падзеі ў Беларусі і Ўкраіне. І ёсьць іншая пазыцыя, паводле якой мы можам ясна і нядвухсэнсоўна сказаць, у тым ліку і заходнім палітыкам, што адбываецца на постсавецкай прасторы і мець цалкам ясную лінію, якой мы і дасюль спрабавалі трымацца. Гэта і ёсьць пытаньне адказнасьці – дзейнасьць праз НАТО і інстытуцыі Эўразьвязу.”

Раса Юкнявічэне падкрэсьліла, што адной з важнай тэмаў на трансатлянтычным форуме было менавіта пытаньне адказнасьці за антыдэмакратычныя працэсы на постсавецкай прасторы, – гэтая адказнасьць кладзецца ня толькі на кіраўніцтва Расеі, але і на заходнія дэмакратычныя краіны, і Літва таксама падзяляе гэтую адказнасьць – бо менавіта ад “таго як мы трымаемся, ад нашых паглядаў, ад нашага разуменьня залежыць, як далёка пойдзе рэжым, які фармуецца на ўсходзе ад нас”.

Паводле парлямэнтаркі, у ЗША зьяўляецца яснае разуменьне пагрозы для дэмакратыі ў бліжэйшых суседніх краінах з боку Расеі, і гэтая пагроза ставіцца паводле значнасьці побач з пагрозай з боку тэрарызму.

Раса Юкнявічэне належыць да фракцыі партыі кансэрватараў “Саюз Айчыны”, яна сябра парлямэнцкай асамблеі НАТО і ініцыятарка стварэньня парлмямэнцкай групы “За дэмакратычную Беларусь”. У літоўскім парлямэнце мінулае кадэнцыі Раса Юкнявічэне таксама ачольвала парлямэнцкую групу па сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі й палітычнай апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG