Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая прэс-сакратарка Віктара Януковіча Ганна Герман пра “аранжавую” рэвалюцыю: “Мы маем справу з зародкамі тэрарызму”


Валер Каліноўскі, Менск Ганна Герман сышла з пасады прэсавай сакратаркі прэм’ер-міністра Ўкраіны і кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Януковіча за два тыдні да галасаваньня 26 сьнежня. У інтэрвію Свабодзе спадарыня Герман тлумачыць прычыны гэтага ўчынку і выказвае сваё асабістае стаўленьне да “аранжавай рэвалюцыі” і яе наступстваў. Са спадарыняй Герман размаўляў наш карэспандэнт.

Ганна Герман кажа, што зноў стала незалежнай журналісткай: рыхтуе тэлевізійныя перадачы, якія пакуль што бярэ толькі данецкі тэлеканал “Украіна”. Аднак сымпатыі Ганны Герман зусім не памяняліся:

(Герман: ) “Я працягваю лічыць, што Януковіч — годны кандыдат у прэзыдэнты Ўкраіны, і тое, што я сышла з пасады ягонага прэсавага сакратара, тлумачыцца толькі тым, што я ня бачыла ўжо патрэбы ў маёй працы. Ён ужо адкрыты для журналістаў, няма бар’ераў, якія аддзялялі яго ад журналістаў, ён ужо гаворыць усё, што думае. Удалося дамагчыся, каб гэты чалавек стаў адкрытым, празрыстым і перакананым прыхільнікам свабоднай прэсы”.

Спадарыня Герман кажа, што яна зноў, як калісьці, плыве супраць цячэньня, і таму цяпер чуе тэлефонныя пагрозы на свой адрас. У царкве пабілі яе сына толькі за сінюю стужку. А сёньня прафэсар Сумскага пэдунівэрсытэту паведаміла ёй, што грамадзкі рух “Чыстая Ўкраіна” распаўсюдзіў у сьценах гэтай ВНУ ўлёткі са сьпісам “здраднікаў народу”, якія нібыта падлягаюць зьнішчэньню. Першым у гэтым сьпісе значыцца Тарас Чарнавіл, кіраўнік перадвыбарчага штабу Віктара Януковіча, трэцяй — Ганна Герман. Акрамя іх ў гэтым сьпісе журналісты Вячаслаў Піхоўшык і Дзьмітры Кісялёў. Ва ўлётках пададзеныя тэлефоны, адрасы гэтых людзей.

(Герман: ) “Калі некалькі месяцаў таму мы казалі, што ва Ўкраіне няма ні месца, ні глебы для тэрарызму, то пасьля такога (я ўжо не кажу, што кожны дзень я атрымліваю смс з пагрозамі фізычнага зьнішчэньня) мне падаецца, што мы маем справу з зародкамі тэрарызму, і гэта вельмі сур’ёзныя рэчы”.

Ганна Герман кажа, што перасьледуюць ня толькі яе, але і іншых прыхільнікаў Януковіча, у тым ліку дзяцей. І пра гэтыя факты паведамляе толькі адзін тэлеканал, што зусім не адпавядае дэмакратычным стандартам:

(Герман: ) “Так, як было да таго, калі прэса працавала толькі на ўладу, так здарылася і цяпер — прэса проста перакінулася на іншы бок і гэтак жа аддана служыць іншаму боку”.

Агрэсіўны напор з боку невядомых асобаў на праціўнікаў Віктара Юшчанкі вельмі палохае Ганну Герман. Яна гаворыць, што можа атрымацца той жа аўтарытарызм, толькі іншай скіраванасьці.

(Герман: ) “Такой дэмакратыі я баюся, калі мяне, маіх знаёмых і вельмі многіх людзей перасьледуюць за тое, што яны зрабілі іншы, неаранжавы выбар”.

Кіраўнікі апазыцыйнай кааліцыі “Сіла народу” неаднаразова заяўлялі пра сваю павагу да іншага выбару грамадзянаў Украіны і заклікалі да гэтага сваіх прыхільнікаў на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве. Тэма стыхійнага “тэлефоннага тэрарызму” паводле палітычных матываў актыўна абмяркоўваецца і ўкраінскай прэсай, у тым ліку той часткай, якая падтрымлівае Віктара Юшчанку, і нязьменна знаходзіць грамадзкае асуджэньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG