Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ў Дзяржынску адмовілі ў перарэгістрацыі поўнаэвангельскай царкве “Слова праўды”


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку

“Брестская газета” з наступнага нумару будзе выходзіць на 24-х старонках – паболее рубрыкаў, тэматычных матэрыялаў – журналісты абяцаюць зрабіць выданьне газэтай для ўсёй сям’і.

У панядзелкавым нумары “Брестская газета” распавядае аб працэсе рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Нядаўна Ўпраўленьне КДБ па Берасьцейскай вобласьці перадало нашчадкам рэпрэсаванага ў 1950 годзе Нікіфара Грышкаўца яго асабістыя рэчы – 3 польскія ордэны, мэдаль і фатаграфіі.

Сем крадзяжоў з адной і той жа кватэры ў горадзе Драгічыне зьдзейсьніў 16-гадовы зламысьнік. Хлопец скраў у гаспадара кватэры ключы: той не надаў гэтаму ўвагі, а падлетак рэгулярна наведваў кватэру і забіраў грошы.

Інтэрнет-выданьне “Тут і цяпер” распавядае пра тое, што ў Дзяржынску мясцовыя ўлады адмовілі ў перарэгістрацыі поўнаэвангельскай царкве “Слова праўды”. Афіцыйная прычына адмовы – быццам бы дакумэнты на перарэгістрацыю пададзеныя пазьней тэрміну. На думку пастара Мікалая Козела, сапраўднай прычынай адмовы ёсьць тое, што ён вылучаўся кандыдатам ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

У Бялынічах больш за паўтары тысячы сем’яў ня плацяць за камунальныя паслугі. Агульная сума запазычанасьці – больш за 150 мільёнаў рублёў, што практычна можа спыніць працу камунальнікаў. Пакуль жа камунальнікі перакрываюць падачу вады і электраэнэргіі . 30 кватэр адключаны ад водазабесьпячэньня. Дзьве сям’і выселеныя.

“Белорусский рынок” друкуе вялікі аналітычны матар’ял Юрыя Арэхава “Літаратары рыхтуюцца да выгнаньня, альбо ў свае 70 гадоў Саюз пісьменьнікаў можа апынуцца бяз даху над галавой”. Міністэрства юстыцыі вынесла Радзе другое папярэджаньне. Пісьменьнікам фактычна забаранілі карыстацца вялікай заляй Дому літаратара для правядзеньня вечарынаў. А цяпер пад пагрозай зьнішчэньня ўнікальная бібліятэка, у якой больш за 40 тысяч тамоў і вялізны пісьменьніцкі архіў.

У Менску адкрыўся новы рэстаран хуткага харчаваньня “Лідо”, паведамляе “Белорусская газета”. Дырэктар беларускага “Лідо” Станіслаў Ёдыс ня бачыць канкурэнтаў і ня ставіць перад рэстарацыяў складаных задач: “Мы будзем карміць людзей. Чалавек можа пад’есьці на любую суму, якая ў яго ёсьць – будзе ў вас 2 тысячы альбо 10 – вы не застанецеся галоднымі”, гарантуе дырэктар “Лідо” ў матэрыяле Марыны Гуляевай “Бяз чаркі і шкваркі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG