Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія мэдыкі: Некаторым людзям фізычныя практыкаваньні не дапамагаюць палепшыць здароўе


Сяргей Абламейка, Прага Новая перадача сэрыі “Жывеце доўга. Новае ў сучаснай мэдыцыне”. У сёньняшнім выпуску гаворка пойдзе пра адкрыцьцё амэрыканскіх мэдыкаў, якія знайшлі, што некаторыя людзі маюць “імунітэт” да фізычных практыкаваньняў.

Ні для кога не сакрэт, што фізычныя практыкаваньні абсалютна неабходныя для захаваньня добрага здароўя і доўгага жыцьця. Гэты шырокавядомы пастулят, аднак, паставілі пад сумненьне амэрыканскія мэдыкі.

Аказваецца, існуе пэўная група людзей, на якіх фізычныя практыкаваньні не аказваюць ніякага станоўчага ўплыву. Колькі б такія людзі не займаліся спортам, іх форма не паляпшаецца і іх супраціўляльнасьць да хваробаў, такіх, напрыклад, як дыябэт, ніколькі не павялічваецца.

Больш за ўсё нас зьдзівіў адказ на фізычную нагрузку, – сказаў аўтар новага дасьледаваньня, супрацоўнік Унівэрсытэту штату Луізіяна Клод Бушар, – большасьць людзей атрымае выгаду ад заняткаў спортам, але заўсёды знаходзіцца меншасьць, для якой спорт не прыносіць нічога карыснага.

Вынікі дасьледаваньня Клод Бушар абнародаваў у сваім дакладзе на Міжнародным мэдычным кангрэсе ў Сыднэі.

У экспэрымэнце бралі ўдзел 724 чалавекі з 213 сем’яў. Шэсьць месяцаў перад пачаткам праграмы ўдзельнікі дасьледаваньня зусім ня мелі ніякай фізычнай актыўнасьці. Экспэрымэнт доўжыўся 20 тыдняў. Заняткі праводзіліся на вэлятрэнажорах.

Нагрузка была разьлічана так, каб у апошнія шэсьць тыдняў экспэрымэнту яна дасягнула 75% ад максымальна магчымай для ўдзельнікаў. У гэтыя апошнія шэсьць тыдняў удзельнікі займаліся па 50 хвілінаў тры разы на тыдзень.

Паводле ранейшых дасьледаваньняў было вядома, што тканкі чалавека пры актыўнай нагрузцы павялічваюць спажываньне кіслароду ў сярэднім на 17%. Падчас дасьледаваньня ва Ўнівэрсытэце Луізіяны ў большасьці ўдзельнікаў экспэрымэнту спажываньне кіслароду павялічылася аж на 40%, але ў невялікай меншасьці – не павялічылася зусім! Такія ж самыя вынікі былі атрыманыя і з прадуктыўнасьцю сэрца, крывяным ціскам і іншымі паказьнікамі фізычнай формы.

Адзін з самых важных паказьнікаў фізычнай кандыцыі чалавека – адчувальнасьць да інсуліну, яна зьяўляецца маркерам для рызыкі разьвіцьця дыябэту і хваробаў сэрца. У паведамленьні Клода Бушара на кангрэсе гаворыцца, што паводле гэтага паказьніка ў 58% удзельнікаў экспэрымэнту наступіў выразны прагрэс, а ў 42% – паляпшэньня не зафіксавана. Прычым у некалькіх чалавек заўважана нават пагаршэньне.

Паводле аўтараў дасьледаваньня, за такую розную рэакцыю на фізычную нагрузку адказныя гены. Мэдыкі вылучылі дзьве групы ўдзельнікаў экспэрымэнту – восем чалавек зь ліку тых, хто даў самы лепшы адказ на спартовыя практыкаваньні, і васьмёра тых, хто паказаў найгоршую рэакцыю на заняткі.

У найлепшай групе ў мышцах знайшлі 51 актыўны ген, прычым іх актыўнасьць была ў два разы – гэта значыць на 100% вышэйшай, чым у аналягічных выпадках у слабой групе. І яшчэ 74 гены былі на 50% больш актыўныя, чым у людзей са слабой групы.

Іншымі словамі, паводле аўтараў новага дасьледаваньня, адны людзі маюць генэтычную схільнасьць да станоўчай рэакцыі на фізычныя нагрузкі, а іншыя – не рэагуюць на нагрузкі ніяк або рэагуюць кепска.

У выніку доктар Марк Харгрыўс з Унівэрсытэту ў Мэльбурне заявіў, што, відаць, некаторыя людзі лепшага эфэкту для здароўя могуць дамагчыся правільнай дыетай, а не спартовымі практыкаваньнямі.

***

На чарзе парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.

1. Абараніце свой страўнік і стрававод ад празьмернай колькасьці солі. Вялікая колькасьць солі ў дыеце здольная выклікаць так званую гастраэзафагеальную рэфлюксную хваробу або, папросту кажучы, закідваньне страўнікавага соку ў стрававод. Гэтая хвароба выклікае хранічную пякотку. Падчас нядаўняга дасьледаваньня высьветлілася, што тыя, хто спажывае шмат солі, маюць у два разы большую схільнасьць захварэць на рэфлюксную хваробу. RealAge нагадвае, што актыўны клопат аб сваім здароўі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на цэлых 12 гадоў маладзейшым.

2. Калі вы скажаце кошыкам зь белым хлебам “дзякуй, ня трэба”, гэта будзе правільнае рашэньне. Гэтым вы можаце зьменшыць, напрыклад, рызыку дыябэту. Падчас нядаўняга экспэрымэнту высьветлілася, што людзі, якія ядуць болей белага хлеба, чым цэльназерневага, маюць самую высокую рызыку захварэць на цукроўку. Іншыя прадукты, вырабленыя з высокаачышчанае мукі, напрыклад печыва, крэкеры і пірагі, таксама рэзка падвышаюць рызыку захварэць на дыябэт. Паводле RealAge, разнастайная дыета, якая ўключае ў сябе 6-кратнае спажываньне цэльназерневых прадуктаў у дзень, можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.

3. Навукоўцы сьцьвярджаюць, што вінаград вельмі карысны для захаваньня нармальнага ўзроўню халестэрыну. Праведзенае нядаўна новае дасьледаваньне паказала, што антыаксыданты ў складзе вінаграду здольныя зьмяншаць ня толькі ўзровень халестэрыну, але і іншых шкодных тлушчаў у крыві чалавека. Хімічна блізкія рэчывы птэрастылбэн і расвэратрол, якія ўтрымваюцца найперш у скурцы вінаграду, маюць вялікую здольнасьць змагацца супраць ракавых клетак і любога запаленьня. Realage сьцьвярджае, што калі вы будзеце мець разнастайную дыету і чатыры разы на дзень спажывацьмеце садавіну, вы зможаце зрабіць свой рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.
XS
SM
MD
LG