Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Міс Беларусь” на конкурсе “Міс Сьвету” ў фінал не патрапіла


Іна Студзінская, Менск Агляд сёньняшняй незалежнай прэсы.

“Витебский курьер” распавядае пра тое, як полацкія ДАІшнікі спынілі машыну з рыбакамі. У багажніку аўтамабіля, акрамя вудаў і дзесятка бутэлек гарэлкі, міліцыянты ўбачылі маскі з прарэзамі для вачэй, кастэт, бэйсбольную біту, рацыю і самаробнае прыстасаваньне для прымусовага спыненьня транспартных сродкаў. Самае цікавае, што па-бандыцку экіпіраваных рыбакоў міліцыя адпусьціла – бо тыя вельмі пераканаўча патлумачылі, навошта ім патрэбна кожная рэч, а канструкцыю для пратыканьня шынаў выкінулі ў сьнег, маўляў, ня ведаем, што гэта і адкуль.

“Витебский курьер” таксама паведамляе, што ў Віцебску абрабавалі шасьцікратнага чэмпіёна сьвету Дзьмітрыя Паляруша, які жыве і працуе ў ЗША, а на міжнародных спаборніцтвах па-ранейшаму выступае за Беларусь. У родны горад ён прыехаў на пару дзён, вяртаючыся з Кубку сьвету па скачках на батуце з Альжыру. Злодзеі скралі з кватэры чэмпіёна 11 з паловай тысяч даляраў. Сам Дзьмітры паляцеў у Амэрыку, а віцебская міліцыя шукае злодзеяў.

“Комсомольская правда” в Беларуси паказала начальніку ўпраўленьня ДАІ Міністэрства ўнутраных справаў Мікалаю Дразду дарогу вачыма шараговага кіроўцы.

“Комсомольская правда” піша, што “Міс Беларусь” Вольга Антропава ня стала “Міс сьвету” ў Кітаі і нават не ўвайшла ў лік 15-ці фіналістак. Магчыма, з-за таго, што ні адзін з беларускіх тэлеканалаў не закупіў права на трансьляцыю конкурсу, і SMS галасаваньне было беларусам недаступна.

“Белорусская деловая газета” раскрывае сакрэт, што многія пытаньні ў сфэры спорту абмяркоўваюцца па вечарах на хакеі з удзелам прэзыдэнта. Самы ўплывовы чалавек беларускага хакею Міхаіл Захараў прапанаваў стварыць ў кожным хакейным горадзе, дзе ёсьць Лядовы палац, жорсткую вэртыкаль. Пра рэформы ў хакеі, ад якіх могуць пацярпець прадпрыемствы і дзеці, распавядае ў “БДГ” Аляксандар Заяц.

На пачатку 2005 года будзе скасаваная пасада сталага прадстаўніка Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі. Асноўная прычына – адсутнасьць новых праграм крэдытаваньня, сьцьвярджае “БДГ”.

Тэма сьвежага нумару Інтэрнэт-газэты “Тут і цяпер” – “Украіна: а хто там ідзе?” Газэта распавядае таксама пра тое, як маці загіблых салдат ў Бабруйску ўтвараюць сваю суполку.

У камунальным прадпрыемстве “Маладая гвардыя” Берасьцейскага раёну пад сьнегам засталася цэлая плянтацыя капусты, зьбіраць качаны мясцовым жыхарам забаронена, і каб не было спакусы, капусту проста зааралі трактарам.

Сродкаў на рэстаўрацыю Волчынскага касьцёлу, што ў Камянецкім раёне, дзе пахаваны кароль Польшчы Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, не хапае. А вось Косаўскі палац графоў Пуслоўскіх, што ў Івацэвіцкім раёне – цяпер рэстаўруюць, паведамляе інтэрнэт-газэта “Тут і цяпер”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG