Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду пакідае Беларусь


Галіна Абакунчык, Менск Сталы прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі й Літве Зузана Брыксіова напрыканцы сьнежня пакідае Менск. Ад’езд зьвязаны з заканчэньнем тэрміну працы спадарыні Брыксіовай на пасадзе кіраўніка прадстаўніцтва. Аднак прысылаць у Беларусь свайго новага прадстаўніка Міжнародны валютны фонд не намерваецца.

Адной з прычынаў скасаваньня пасады афіцыйнага прадстаўніка у Беларусі ёсьць закрыцьцё офісу МВФ у Літве, зьвязанае зь сяброўствам гэтай краіны ў Эўразьвязе.

Але вырашальнае значаньне мела адсутнасьць праграмаў супрацоўніцтва паміж Беларусьсю й Міжнародным валютным фондам — паведаміла ў інтэрвію Радыё Свабода кіраўнічка прадстаўніцтва фонду ў Беларусі й Літве Зузана Брыксіова.

(Брыксіова: ) “Паводле фінансаваньня ў нас заўсёды была такая пазыцыя, што патрэбна хутчэй праводзіць стабілізацыю эканомікі, праводзіць структурныя рэформы й гэтак далей. Адначасна афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі заявілі, што яны ня будуць працаваць на атрыманьне фінансаваньня ад МВФ”.

Паводле спадарыні Брыксіовай, менскі офіс фонду канчаткова не зачыняецца. Цяпер ягоная праца будзе скіраваная на тэхнічную дапамогу Беларусі, якая вядзецца досыць актыўна.

Гэткім чынам МВФ пакідае магчымасьць аднаўленьня сваёй працы ў Беларусі на будучыню. Аднак з гледзішча адмыслоўцаў, перапыненьне працы афіцыйнага прадстаўніка Міжнароднага валютнага фонду адмоўна паўплывае да эканамічнае разьвіцьцё Беларусі. Вось што сказаў у інтэрвію Свабодзе незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) “Калі валютны фонд ня будзе даваць крэдытаў ад міжнародных фінансавых арганізацыяў, то ня пойдуць і прыватныя інвэстыцыі сур’ёзныя і ў значных памерах. Гэта ці чырвонае сьвятло сьветлафару для прыватных інвэстараў ці зялёнае”.

Частку апошняга крэдыту на стабілізацыю эканомікі па праграме “стэнд-бай” Беларусь атрымала ў сярэдзіне 1990-х. У зьвязку зь невыкананьнем урадам краіны ўмоваў крэдытаваньня ў частцы рэфармаваньня эканомікі, Міжнародны валютны фонд крэдытаваньне спыніў.

Прадстаўніцтва Міжнароднага валютнага фонду было адкрытае ў Беларусі ў 1992 годзе. З 1998 году пасада сталага прадстаўнік фонду па Беларусі была сумешчаная з аналягічным прадстаўніцтвам у Літве і офісам МВФ у Вільні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG