Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ўсё часьцей падпісваюць шлюбныя кантракты, некаторыя нават абгаворваюць матэрыяльныя выдаткі за сямейную здраду


Ігар Карней, Менск Разам з рэгістрацыяй шлюбу ўсё больш папулярным робіцца паралельнае падпісаньне так званых шлюбных кантрактаў: ад 2000 году колькасьць такіх пагадненьняў у Беларусі вырасла ў чатыры разы. Ці сапраўды варты перайманьня замежны досьвед звароту да шлюбных кантрактаў

Розныя адмыслоўцы робяць розныя высновы. Адны кажуць пра ўпарадкаваньне матэрыяльных стасункаў паміж мужам і жонкай. Іншыя, наадварот, лічаць: падпісваючы шлюбны кантракт, людзі падсьвядома праграмуюцца на магчымыя выдаткі – калі больш проста, на развод з далейшым падзелам усяго нажытага.

Вось якога меркаваньня ў гэтым пытаньні псыхоляг Алена Гуменных.

(Гуменных:) “Матэрыяльныя каштоўнасьці зьяўляюцца цяпер больш значным фактарам, чым духоўнае разьвіцьцё, таму шлюбны кантракт – гэта цалкам натуральная зьява. Разам з тым, падчас падпісаньня дамовы маюцца на ўвазе і адпаведныя стасункі паміж партнэрамі. Добра, калі абое асэнсавана ідуць на такі крок. А калі хтосьці ня згодны? Тады такая нязгода можа стацца падставай да разьвіцьця вельмі сур’ёзнага канфлікту, які ў далейшым можа прывесьці нават да разводу. Таму ў такім выпадку трэба добра падумаць: а ці прынясе шлюбная дамова тое шчасьце, на якое вы разьлічвалі?”.

Які практычны сэнс гэткіх шлюбных пагадненьняў паміж мужам і жонкай? І што ёсьць аб’ектам такой своеасаблівай юрыдычнай перастрахоўкі?

Што да канкрэтных пунктаў, то, перадусім, гэта юрыдычна аформленае спадкаемства на нерухомасьць (кватэра, катэдж, лецішча), аўтатэхніку, альбо права насьледаваць пэўны бізнэс.

Бываюць і выключэньні: некаторыя канкрэтызуюць ступень маральнай і матэрыяльнай адказнасьці на факты здрады, як кажуць, “на баку”.

Аднак пакуль што станоўчых прэцэдэнтаў такіх разьбіральніцтваў у судах не зафіксавана: экспэртызы на доказ сямейнай здрады ў Беларусі не існуе. Таму калі базавацца на пяцігадовым досьведзе працы ў падобным кірунку ў Беларусі, то ў натарыяльных канторах канстатуюць: на 90% такія пагадненьні тычацца падзелу маёмасьці. І тут ёсьць свае аргумэнты. Гаворыць супрацоўнік адной з натарыяльных кантораў Менску Віктар Бадроў.

(Бадроў: ) “Лепей падпісаць шлюбны кантракт і там апісаць разьдзел “Маёмасьць”. Зьнікае элемэнт спрэчкі. Бо шлюбны кантракт – гэта ўжо ня спрэчка, у дадзеным выпадку дзяржаўным прымусам забясьпечаныя гарантыі таго, што ніхто нікога не надурыць”.

Шлюбныя кантракты па-беларуску моцна адрозьніваюцца ад замежнага досьведу, дзе падрабязна падзяляецца ледзьве ня ўвесь спэктар сумеснага жыцьця: хто мые посуд, выгульвае сабаку, ходзіць у краму, нават каму падымацца ўначы да дзіцяці, калі тое плача. Адна з адметнасьцяў беларускага досьведу – вельмі часта кантракт юрыдычна замацоўваецца якраз напярэдадні развалу сям’і. Прычынай – спрошчаная працэдура разводу, а таксама тое, што падчас падзелу маёмасьці праз суд сямейная пара вызваляецца ад аплаты дзяржаўнага падатку ў памеры 10% ад усёй ацэненай маёмасьці.

Такім чынам, ня гледзячы на тое, што асноўная маса тых, хто рэгіструе шлюбы, ніякіх дамоваў не падпісваюць, колькасьць шлюбных кантрактаў увесь час расьце. Калі, прыкладам, тры гады таму ў Менску было падпісана крыху болей за 60 шлюбных дамоваў, то летась іх было ўжо 233. Сёлета, як прагназуюць у натарыяльных канторах, і гэтая лічба будзе перавышаная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG