Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнікі просяць кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Шэймана пакінуць іх у Доме літаратара


Валянціна Аксак, Менск Пазачарговая рада Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, якая 6 сьнежня была скліканая з прычыны рэзкага абвастрэньня сытуацыі вакол лёсу гэтай арганізацыі, прыняла некалькі рашэньняў.

Рада разгледзела пісьмовае папярэджаньне, якое атрымала напрыканцы мінулага тыдню ад Міністэрства юстыцыі. Папярэджаньне, другое па ліку сёлета, вынесенае Саюзу пісьменьнікаў за тое, што Берасьцейскае абласное аддзяленьне арганізацыі не прадстаўляла ў падатковую інспэкцыю прадугледжаную дзейным заканадаўствам штомесячную справаздачнасьць.

У сувязі з чым рада папярэдзіла старшыню аддзяленьня і прыняла наступнае рашэньне. Гаворыць намесьнік старшыні саюзу пісьменьнікаў Барыс Пятровіч.

(Пятровіч: ) “Рада прыняла рашэньне хадайнічаць перад міністэрствам юстыцыі аб адкліканьні гэтага папярэджаньня з умовай, што памылкі ўсе з нашага боку будуць выпраўленыя”.

У выпадку, калі міністэрства юстыцыі не задаволіць гэтае хадайніцтва, то мажлівае трэцяе папярэджаньне паставіць арганізацыю пад пагрозу далейшага існаваньня.

Гэткую самую пагрозу ўтрымлівае і пазбаўленьне Саюзу пісьменьнікаў іхных памяшканьняў у Доме літаратара, бо тады будзе страчаны юрыдычны адрас, што таксама вядзе да закрыцьця арганізацыі.

На думку пісьменьнікаў, дапамагчы ім пазьбегнуць гэтага можа кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Віктар Шэйман. На ягонае імя сёньня пісьменьнікі накіравалі ліст, зьмест якога, як сказаў Барыс Пятровіч, утрымлівае адзіную просьбу:

(Пятровіч: ) “…улічыць сытуацыю і перагледзець рашэньне аб перадачы нашых памяшканьняў галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленьню. Каб гэтыя памяшканьні пакінулі ўсё-такі нам. Чым гэта скончыцца, невядома, але, прынамсі ў нас іншага выйсьця няма, мы можам толькі хадайнічаць і зьвяртацца зь нейкімі прапановамі”.

Менавіта статус бестэрміновага і бясплатнага карыстаньня некалькімі пакоямі, паводле Барыса Пятровіча, мелі пісьменьнікі ў Доме літаратара ад 1997 году. Але потым кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, у чыю ўласнасьць іхны будынак сем гадоў таму перайшоў, у аднабаковым парадку перагледзела ўмовы знаходжаньня ў ім пісьменьнікаў, пагражаючы поўным высяленьнем.

Гл. таксама • Сакратарыят Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з заўтрашняга дня будзе пазбаўлены доступу ў свае памяшканьні ў Доме літаратара
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG