Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індывідуальным прадпрымальнікам забароняць займацца рыэлтарскай дзейнасьцю


Юлія Шарова, Менск Ад лютага 2005 году індывідуальныя прадпрымальнікі ня змогуць трымаць агенцыі нерухомасьці ды вымушаныя будуць альбо зарэгістраваць уласныя карпарацыі, альбо наняцца на працу ў іншыя фірмы, якія ўжо зьяўляюцца юрыдычнымі асобамі.

Абмежаваньні на рынку нерухомасьці ініцыяваў урад. Згодна з адпаведнай пастановай, Міністэрства юстыцыі будзе атэстоўваць рыэлтараў. З такіх атэставаных працаўнікоў агенцыі нерухомасьці мусяць фармаваць ня меней за палову свайго штата. Прычым кожны рыэлтар мусіць мець архітэктурную, эканамічную ці юрыдычную адукацыю й будзе набываць ліцэнзію на аказаньне адпаведных паслугаў на рынку нерухомасьці. Кошт такой ліцэнзіі складае 70 эўра.

Як тлумачаць у Мін’юсьце, гэтыя навіны будуць тычыцца каля 30 адсоткаў рыэлтараў. Цяпер у Беларусі працуе 220 арганізацыяў, што аказваюць гэтыя паслугі. На думку прадстаўнікоў ведамства, вывядзеньне індывідуалаў з рынку падвысіць якасьць аказаньня паслугаў ды паспрыяе ліквідацыі ценевага рынку ў гэтай сфэры.

Старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа лічыць, што парадку на рынку нерухомасьці ад гэтага больш ня стане.

(Патупа: ) “Папросту чыноўнікі хочуць падмяць пад сябе рэгуляцыю ў гэтай сфэры. Гэта ўзмацняе карупцыйны момант. У нас пасьпяхова працуюць рыэлтарскія агенцыі, у тым ліку людзі без адукацыі, яна набіраюць дастатковы досьвед. Калі ж пачынаюць уводзіцца штучныя экзамэнацыйныя патрабаваньні, гэта таксама, на маю думку, папросту перабор на карысьць чыноўнікаў”.

На думку адмыслоўцы, такія захады можна расцэньваць як новы ўдар па індывідуальным прадпрымальніцтве. Да таго ж спадар Патупа прадракае падвышэньне коштаў на паслугі агенцыяў нерухомасьці пасьля таго, як з рынку сыдуць дробныя прадпрымальнікі.

Як расцэньваюць захады ўраду самі ўдзельнікі рынку нерухомасьці? Супрацоўнік адной з буйных агенцыяў нерухомасьці Ўладзімер заяўляе, што захады Мін’юсту, насамрэч, для спажыўцоў рыэлтарскіх паслугаў – напрыклад, для людзей, што хочуць набыць кватэру праз агенцыю – гэты рынак стане больш бясьпечным. На думку спэцыяліста, менавіта “індывідуалы” часта перашкаджаюць працаваць і дзейнічаюць на рынку ня надта сумленна – перахопліваюць інфармацыю ў іншых агенцыяў, неахайна афармляюць дакумэнты.

(Уладзімер: ) “Існуюць стабільныя фірмы, якія трымаюць сваю марку і не падводзяць спажыўцоў, якія да іх зьвяртаюцца, то бок даводзяць да канца ўсе справы. Вельмі шмат зьвяртаецца людзей, якія калісьці набывалі раней кватэру альбо дом. Прыходзяць з дакумэнтамі, якія не да канца аформленыя на іхнае імя. Атрымліваецца, яны плацяць ім грошы, а потым пры продажы рыхтуюць да канца свае дакумэнты”.

Індывідуальныя прадпрымальнікі на сёньня працуюць пераважна на арэндзе нерухомасьці, гаворыць мой суразмоўца. І хутчэй за ўсё некаторыя зь іх здолеюць працягнуць працу, не рэгіструючы фірму. Гэтак, індывідуальны прадпрымальнік можа запісаць у сваім пасьведчаньні, што ён толькі аказвае інфармацыйныя й кансультацыйныя паслугі ў сфэры нерухомасьці ды пад такой шыльдай трымаць агенцыю арэнды жытла. Дарэчы, я патэлефанавала ў адну такую агенцыю па абвестцы, што прапаноўвала дапамогу ў арэндзе кватэраў і там мне заявілі прыкладна такое: мы не рыэлтары, мы толькі аказваем інфармацыйныя паслугі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG