Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юшчанка: на зьмену закону аб выбарах прэзыдэнта застаюцца тры дні


Валер Каліноўскі, Кіеў 6 сьнежня апазыцыя будзе зноў спрабаваць ухваліць празь Вярхоўную раду зьмены ў законе аб выбарах прэзыдэнта, якія зрабілі б немагчымымі масавыя фальсыфікацыі ў другім туры. А 10-й раніцы з гэтай нагоды пачалося паседжаньне пагаджальнай рады парлямэнцкіх фракцыяў. Паводле Віктара Юшчанкі, на зьмену заканадаўства застаюцца тры бліжэйшыя дні: калі закон будзе ўхвалены пазьней, то ўжо ня хопіць часу для ягонага ажыцьцяўленьня да дня паўторнага галасаваньня. Таксама 6 сьнежня павінен прайсьці трэці раўнд круглага стала ў Марыінскім палацы з удзелам міжнародных пасярэднікаў.

Напярэдадні Віктар Юшчанка выступіў з ультыматумам да Леаніда Кучмы, патрабуючы падпісаньня ўказу пра адстаўку Януковіча, фармаваньня новага складу Цэнтравыбаркама і ўнясеньня паправак у выбарчае заканадаўства. На сёньня сытуацыю сапраўды блякуе менавіта Леанід Кучма. Вось што сказаў у сваім выступе перад дэманстрантамі Віктар Юшчанка:

(Юшчанка: ) “Тры ключавыя патрабаваньні: з гэтымі патрабаваньнямі, сябры, мы пойдзем у парлямэнт, у палац прэзыдэнта, і хочам цьвёрда сказаць: да іхнага выкананьня ні пра якое зьняцьцё пікетаваньня адміністрацыі прэзыдэнта, будынкаў ураду ня можа быць і размовы”.

Як доўга зьбіраюцца людзі стаяць на Майдане Незалежнасьці? Я гаварыў з удзельнікамі блякаваньня адміністрацыі кабінэту міністраў, з насельнікамі намётавых гарадкоў. Пазыцыя першых: у будынак кабінэта міністраў стары ўрад ужо ня пусьцяць. Дзеля адблякаваньня адміністрацыйных будынкаў Леанід Кучма павінен выканаць рашэньне Вярхоўнай рады аб адстаўцы ўраду Януковіча й ЦВК. А вось намётавыя гарадкі могуць сапраўды застацца да дня выбараў, 26 сьнежня, амаль што да Новага году, да моманту перамогі Юшчанкі падчас паўторнага галасаваньня. Цяпер падстаў для разыходжаньня гэтыя людзі ня бачаць.

Ва Ўкраіне многія сумняюцца, што рашэньне Вярхоўнага суду правесьці паўторнае галасаваньне здыме напружанасьць у грамадзтве. Аднак з назіраньня за сытуацыяй можна зрабіць выснову, што напружанасьць усё-ткі часткова зьнялася, паколькі ЦВК выканаў рашэньне Вярхоўнага суду, зь ім пагадзіўся і Віктар Януковіч. Такім чынам, пачалася ўжо агітацыйная кампанія, але некаторыя сілы на ўсходзе Ўкраіны заяўляюць, што Вярхоўны суд парушыў канстытуцыю, што яны ўсё роўна ня згодзяцца зь перамогай Юшчанкі Такім чынам, грамадзкі раскол пакуль не пераадолены, і застаюцца актуальнымі пагрозы сэпаратызму на ўсходзе й поўдні Ўкраіны, хоць іх вастрыня на гэты момант істотна зьменшылася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG