Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржынскі райвыканкам адмовіў пратэстантам у перарэгістрацыі


Альгерд Невяроўскі, Менск У Дзяржынску мясцовыя ўлады адмовілі ў перарэгістрацыі поўнаэвангельскай царкве “Слова праўды”. Улады спасылаюцца на тое, што гэтая пратэстанцкая грамада падала дакумэнты на перарэгістрацыю пазьней за вызначаны законам тэрмін. А пастар Мікалай Козел сьцьвярджае, што сапраўднай прычынай адмовы стала ягоная палітычная дзейнасьць. У прыватнасьці, балятаваньне ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Намесьніца старшыні Дзяржынскага райвыканкаму спадарыня Герасімчык паведаміла, што царкве “Слова праўды” адмоўлена ў перарэгістрацыі, бо ўсе неабходныя дакумэнты нібыта былі перададзеныя пазьней, чым вызначана законам. Пастар царквы Мікалай Козел сьцьвярджае, што дакумэнты былі пададзеныя ў райвыканкам у належны тэрмін, а сапраўднай прычынай адмовы стала ягоная актыўная палітычная дзейнасьць. Гаворыць Мікалай Козел:

(Козел: ) “Я думаю, сапраўдная прычына ў тым, што я вылучаў сваю кандыдатуру на парлямэнцкіх выбарах. Я думаю, улады так сябе паводзяць таму, што нашая работа ў горадзе займае важную грамадзка-палітычную пазыцыю. Мы праводзілі сэрыю і гуманітарных, і грамадзкіх праектаў. Зьбіралі подпісы пратэсту супраць таго, што летам няма гарачай вады. Улады праз гэта мелі непрыемнасьці. Іншыя подпісы зьбіралі. І ў іх зьявілася такая магчымасьць у нейкай меры адпомсьціць”.

Вернікі царквы “Слова праўды”, якая налічвае каля 50 асобаў, спрабавалі абскардзіць гэтае рашэньне ў абласной управе Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, але там пацьвердзілі законнасьць рашэньня дзяржынскіх уладаў і прапанавалі зарэгістраваць новую рэлігійную грамаду. Дзяржынскія пратэстанты яшчэ не прынялі канчатковага рашэньня ў гэтай справе. Але пастар Мікалай Козел гаворыць, што грамада будзе дзейнічаць нават у нелегальных умовах.

Нагадаю, што тэрмін перарэгістрацыі рэлігійных суполак і аб’яднаньняў скончыўся 16 лістапада. Паводле прадстаўнікоў Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў і інфармацыйнага цэнтру “Свабода сумленьня”, перарэгістравана больш за 90% усіх рэлігійных грамадаў. Невядомым пакуль застаецца лёс менскіх царквы “Новае жыцьцё” і Эвангелічнай рэфармаванай царквы, а таксама чатырох баптысцкіх грамадаў зь Берасьцейшчыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG