Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўная рада не ўхваліла адстаўку Януковіча, дэманстранты спрабавалі ўварвацца ў парлямэнт


Валер Каліноўскі, Кіеў Адстаўка прэм’ера Ўкраіны Януковіча сёньня не адбылася – парлямэнт ня здолеў прыняць за аснову праект пастановы з адпаведным пунктам. Ініцыятыву ў Радзе перахоплівае праўрадавая большасьць. Разгляд пытаньня аб недапушчэньні антыканстытуцыйнай дзейнасьці і сэпаратысцкім праявам перанесены на сераду.

Дыскусія ў Вярхоўнай Радзе была вострай. Сьпікер Уладзімер Літвін заявіў, што апошнія сэпаратысцкія заявы выявілі існаваньне “антыўкраінскага пляну”, у патураньні якому ён абвінаваціў і цэнтральныя органы ўлады, у прыватнасьці ён асудзіў удзел Януковіча ў сэпаратысцкім зьезьдзе.

Першы віцэ-прэм’ер Мікола Азараў, які распавядаў пра эканамічныя праблемы, якія ўзьніклі ў зьвязку з акцыямі пратэсту, ўрэшце прызнаў, што гатовы да адстаўкі.

Неадкладнай адстаўкі ўраду Януковіча запатрабавалі лідэры асноўных апазыцыйных фракцыяў: Сацыялістычнай партыі, “БЮТ, “Нашай Украіны”, а таксама цэнтрысты і пазафракцыйныя дэпутаты. Аднак калі справа дайшла да галасаваньня, зьявіўся альтэрнатыўны праект пастановы ад праўрадавай кааліцыі, у якім асноўны зьмест – заклік да вяртаньня на засады законнасьці й закамуфляванае прызнаньне афіцыйнага выніку выбараў.

І менавіта гэты, а не радыкальны антыўрадавы праект быў прыняты большасьцю парлямэнту за аснову. Чарговы раз тут сваю ролю адыгралі галасы фракцыі камуністаў. Апазыцыя з гэтым не пагадзілася, паседжаньне было спыненае, пасьля кансультацыяў фракцыяў разгляд пытаньня быў перанесены на сераду.

30 тысячаў дэманстрантаў чакалі рашэньня Вярхоўнай Рады аб адстаўцы Януковіча ля сьценаў парлямэнту, а калі гэтага не адбылося, частка з іх паспрабавала ўварвацца ў сэсійную залю. Дэпутаты ад апазыцыі заблякавалі ўваходы ў будынак, і сытуацыю ўдалося ўрэгуляваць. Віктар Юшчанка заявіў пасьля гэтага паседжаньня, што ўлада ідзе на эскаляцыю канфлікту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG