Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знойдзена рэчыва, якое перашкаджае сьмерці сардэчнай клеткі


Сяргей Абламейка, Прага Новая перадача сэрыі “Жывіце доўга. Новае ў сучаснай мэдыцыне”.

Аўтары многіх песьняў пра каханьне, дзе згадваецца “разьбітае сэрца”, магчыма, ня мелі рацыі. Аказваецца, так званае “разьбітае сэрца” можна адрамантаваць. Навукоўцы Вугоршчыны й Злучаных Штатаў Амэрыкі знайшлі рэчыва, якое зьмяншае колькасьць памёрлых клетак сэрца пасьля сардэчнага прыступу. Аб гэтым паведамляецца ў апошнім выпуску часопіса Nature.

Звычайна пасьля інфаркту сэрца ня здольнае аднавіцца цалкам, і, адпаведна, яму ўжо значна цяжэй выконваць функцыю помпы крыві. У паведамленьні часопіса Nature гаворыцца, што знойдзенае рэчыва звычайна знаходзіцца ў сэрцы чалавечага эмбрыёна падчас яго разьвіцьця, і яно пасьпяхова блякуе сьмерць некаторых сардэчных клетак як у чалавека, так і ў паддосьледных жывёлах.

Новае адкрыцьцё мае велізарнае значэньне. Сардэчныя хваробы зьяўляюцца галоўнай прычынай сьмяротнасьці ў разьвітых краінах, а таксама галоўнай неінфэкцыйнай прычынай сьмерці немаўлятаў у працягу першага году жыцьця.

Новае адкрыцьцё мае і вялікае этычнае значэньне. Самым шматабяцальным мэтадам лячэньня сардэчных хваробаў сёньня лічыцца лячэньне з дапамогай камлёвых клетак. Адзін з мэтадаў атрыманьня камлёвых клетак – гэта разбурэньне эмбрыёна, або, інакш кажучы, яго забойства. Аўтары новага адкрыцьця сьцьвярджаюць, што знойдзенае імі рэчыва, якое яны назвалі тымасын бэта 4, можна скапіраваць, сынтэзаваць і ўвесьці ў сэрца празь ін’екцыю. Эмбрыянальныя камлёвыя клеткі ў гэтым выпадку акажуцца непатрэбныя.

Сёньня ў Эўропе праходзіць некалькі дасьледаваньняў эфэктыўнасьці камлёвых клетак для лячэньня сэрца. Атрыманыя са шпіку (або косьцевага мозгу) камлёвыя клеткі лекары імплянтавалі ў сардэчныя тканкі, спадзеючыся, што ў выніку ў сэрцы вырастуць новыя цягліцы і судзіны.

Тымасын бэта 4 навукоўцы знайшлі падчас вывучэньня генаў сэрца чалавечага эмбрыёна падчас яго разьвіцьця. Гэта так званы маленькі бялок 43-й доўгай амінакіслаты. Аказалася, што ён здольны пасьпяхова зьмяншаць сьмяротнасьць сардэчных клетак дарослага чалавека.

Напачатку мэдыкі праверылі дзеяньне новага рэчыва на мышах, сэрцы якіх былі пашкоджаныя сардэчнымі прыступамі. Аказалася, што тымасын бэта 4 здольны ўратаваць ад 60 да 100 працэнтаў сардэчных клетак пасьля інфаркту.

Наступны крок – выпрабаваньні на людзях. Але ўжо цяпер навукоўцы сьцьвярджаюць, што лячэньне з дапамогай новаадкрытага рэчыва тымасын бэта 4 можа стаць адным з галоўных мэтадаў лячэньня вострых пашкоджаньняў міякарда.

***

На чарзе парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.

1.

Абсалютным пераможцам у спаборніцтве багатых на антыаксыданты напояў зьяўляецца какава. Калі вы вып’еце какавы, вы атрымаеце такую колькасьць антыаксыдантаў, якую чалавеку ня могуць даць ні чырвонае віно, ні зялёны чай. Гэта высьветлілася падчас новых дасьледаваньняў. Навукоўцы знайшлі, што какава багатая на фэнолы – рэчывы, якія змагаюцца з сардэчнымі хваробамі, старэньнем і ракам. Калі вы хочаце спажываць менш тлушчоў і калёрыяў, выпіце вельмі павольна кубак какавы. А RealAge нагадвае, што атрыманьне дастатковай колькасьці антыаксыдантаў празь ежу або харчовыя дадаткі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

2.

Калі вы будзеце разглядаць знаёмыя твары, хай сабе і на карцінках, гэта дапаможа вам хутчэй пазбавіцца стрэсу. Нядаўна група навукоўцаў высьветліла, што выгляд знаёмага твару супакойвае нэрвы і зьмяншае напружаньне. Аказалася таксама, што нават фатаздымак здольны выклікаць падобны эфэкт. Так што калі вы адчуваеце сябе ў стрэсе, правядзіце пэўны час зь сям’ёй і сябрамі, а таксама заўсёды трымайце іх здымкі навідавоку. RealAge сьцьвярджае, што клопат аб сваім эмацыйным стане можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 16 гадоў маладзейшым.

3.

Каб дапамагчы трымаць мозг у добрым стане, трэба спажываць дастатковую колькасьць фаляту. У выніку нядаўніх адкрыцьцяў высьветлілася, што штодзённая дапамога фаляту можа прадухіліць узроставае аслабленьне пазнавальнае функцыі мозгу. Фалят дапамагае зьмяншаць высокі ўзровень у крыві так званага гомацыстэіну – бялка, які шкодзіць судзінам і клеткам мозгу. Шмат фаляту ўтрымліваецца ў апэльсінах і гародніне цёмна зялёнага колеру – шпінаце, пятрушцы, шчаўі. RealAge сьцьвярджае, што атрыманьне 700 мікраграмаў фаляту ў дзень можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост больш чым на 1 год маладзейшым.

4.

Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што аптымізм можа дапамагчы чалавеку даўжэй захаваць добрую фізычную форму. Пазытыўнае бачаньне сьвету дапамагае пажылым людзям заставацца фізычна актыўнымі й моцнымі. Калі ж у вашых думках будуць пераважаць адмоўныя эмоцыі, гэта можа хутка прывесьці да зьмяншэньня пазнавальнае функцыі мозгу. Так што RealAge радзіць вам больш думаць аб прыемных рэчах і старацца пазьбягаць абдумваньня сваіх няўдачаў і ўспамінаў аб іх. Калі вы будзеце пастаянна дбаць аб сваім эмацыйным стане, гэта можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост аж на 16 гадоў маладзейшым.
XS
SM
MD
LG