Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўная рада Ўкраіны заклікала да правядзеньня паўторных прэзыдэнцкіх выбараў


Валер Каліноўскі, Кіеў 27 лістапада Вярхоўная рада Ўкраіны працавала ў аблозе: сотні тысячаў прыхільнікаў Віктара Юшчанкі запоўнілі ўсе прылеглыя вуліцы. Гэты факт, а таксама разьвіцьцё сытуацыі ў цэлым, прывялі да дэмаралізацыі дэпутатаў, якія падтрымліваюць дзейную ўладу. Таму рашэньне аб прызнаньні вынікаў другога тура выбараў несапраўднымі з-за парушэньняў заканадаўства неадпаведнымі волевыяўленьню грамадзянаў было прынятае абсалютнай большасьцю галасоў – 323 дэпутатамі. У цэлым за праект пастановы прагаласавала 307 дэпутатаў.

Вярхоўная рада таксама выказала недавер дзейнаму складу Цэнтравыбаркаму й заклікала прэзыдэнта Леаніда Кучму ўнесьці прапанову аб яе роспуску й новым складзе камісіі з улікам прапановаў фракцыяў Вярхоўнай рады. Парлямэнт таксама заклікаў прыхільнікаў Віктара Юшчанкі спыніць блякаваньне дзяржаўных установаў у Кіеве.

Такім чынам Вярхоўная рада фактычна заклікала да правядзеньня паўторнага галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны пры ўмове істотнай дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства і працэсу. Называліся і магчымыя даты новага туру выбараў: 12 і 17 сьнежня гэтага году.

Тым часам абласная рада Харкаўшчыны прыняла рашэньне аб стварэньні выканаўчага камітэту, якому былі б падпарадкаваныя праваахоўчыя органы вобласьці. Было таксама спыненае пералічэньне сродкаў у агульны бюджэт Украіны, а губэрнатар Яўген Кушнароў заявіў, што рэгіён будзе жыць паводле сваіх уласных законаў. Размова ідзе наконт стварэньня нейкай паўднёва-ўсходняй аўтаноміі ў складзе Ўкраіны. Гэтую прапанову падтрымлівае і кіраўніцтва Данеччыны ды іншых рэгіёнаў Усходу.

Гэтыя дзеяньні знайшлі рэзкае асуджэньне ў цэнтры – у прыватнасьці, у Вярхоўнай радзе. Дэпутаты ад апазыцыі заявілі, што гэты раскол інсьпіраваны адміністрацыяй дзейнага прэзыдэнта. Аднак няма агульнага адабрэньня сэпаратыстаў і на самім Усходзе. Харкаўская гарадзкая рада асудзіла абласную раду й скасавала дзеяньне яе пастановы на тэрыторыі горада Харкава.

Тым часам, згодна з вынікамі ўчорашніх перамоваў Юшчанкі і Януковіча пры міжнародным пасярэдніцтве была створаная рабочая група па ўрэгуляваньні сытуацыі. З боку Віктара Юшчанкі яе ўзначаліў колішні сьпікер Вярхоўнай рады Іван Плюшч, а з боку Віктара Януковіча – былы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG