Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Ці могуць паўтарыцца ўкраінскія падзеі ў Беларусі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году?


Галіна Абакунчык, Менск Ва Ўкраіне працягваюцца шматлікія акцыі пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, паводле якіх перамогу атрымаў Віктар Януковіч. Афіцыйныя ўлады асобных рэгіёнаў Украіны абвесьцілі, што прызнаюць прэзыдэнтам Віктара Юшчанку, а ў Кіеве й іншых буйных гарадах праходзяць шматтысячныя мітынгі ў ягоную падтрымку. Ці могуць паўтарыцца ўкраінскія падзеі ў Беларусі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2006 годзе?

(Спадар: ) “Абсалютна немагчыма, бо жыцьцёвы ўзровень нашага насельніцтва крыху вышэйшы і адчуваецца палітычная стабільнасьць. Ва Ўкраіне гэтага не адчуваецца”.

(Юнак: ) “Малаверагодна. Там два прэтэндэнты, абодва вядомыя, а ў нас толькі адзін. У нас, фактычна, ёсьць толькі Януковіч, а Юшчанкі не чуваць і не відаць”.

(Спадарыня: ) “Наўрад ці, бо ва Ўкраіне вельмі разьвітае пачуцьцё вальналюбства, непакоры. Беларусы больш міралюбныя людзі”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці магчымыя ўкраінскія падзеі ў Беларусі падчас прэзыдэнцкіх выбараў у 2006 годзе?”

(Спадар: ) “Я думаю, што гэтага ня будзе, бо ў нас усё ціха, спакойна. Не павінна быць”.

(Спадар: ) “Асноўныя каштоўнасьці сучаснага беларускага грамадзтва — сям’я, ежа, адзеньне. Людзі не адступяцца ад гэтых каштоўнасьцяў, і для таго, каб выйсьці на плошчу, трэба, каб іх забралі. Я думаю, што будзе яшчэ некалькі прэзыдэнцкіх тэрмінаў. І калі ў іх гэта забяруць, тады й мы атрымаем рэвалюцыю”.

(Спадарыня: ) “Я спадзяюся, што нешта ў нашай краіне адбудзецца. Што нашая апазыцыя не пакіне гэта проста так”.

(Спадар: ) “Такой самасьвядомасьці людзей, як ва Ўкраіне, у нас няма, таму, я думаю, немагчыма. Нам трэба да гэтага яшчэ дарасьці”.

(Юнак: ) “Лічу, што ў нас патрыётаў таксама хапае, і яны таксама маглі бы выйсьці й патрабаваць справядлівасьці ў нас, у Беларусі”.

(Юнак: ) “У нас такое немагчыма, бо ў нас няма альтэрнатывы дзяржаўнай уладзе. Магчыма, гэта залежыць ад таго, што ўлада вельмі жорсткая”.

(Спадарыня: ) “Характар у нашых людзей іншы. У нас, калі нават людзі зь нечым і ня згодныя, яны кажуць: а што я магу зрабіць асабіста? А таму мала выходзяць зь нейкай ініцыятывай. І, магчыма, няма такога лідэра, які бы павёў да праўдзівай, сапраўднай мэты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG