Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы міжнародны конкурс імя Ларысы Александроўскай, прысьвечаны 100-годзьдзю народнай артысткі СССР


Іна Студзінская, Менск Міжнародны конкурс імя Ларысы Александроўскай прысьвечаны 100-годзьдзю народнай артысткі СССР. Акрамя арыяў і рамансаў знакамітых эўрапейскіх кампазытараў, кожны ўдзельнік конкурсу абавязкова будзе выконваць беларускую народную песьню і арыю з опэры беларускага кампазытара.

Гэты год – юбілейны: беларускай славутасьці, народнай артыстцы СССР Ларысе Александроўскай споўнілася б 100 гадоў. Прыхільнікі таленту Ларысы Пампееўны, яе вучні, артысты опэрнага тэатру, выкладчыкі Беларускай акадэміі музыкі вырашылі арганізаваць міжнародны конкурс маладых вакалістаў – менавіта ў памяць аб Ларысе Александроўскай. Дарэчы, усе, хто яе памятае, у захапленьні ад прыгажосьці, абаяльнасьці й таленту артысткі. Узгадвае заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў, якога Ларыса Пампееўна ня раз запрашала да сябе дамоў і высока ацаніла яго голас:

(Скарабагатаў: ) “Надзвычай прыгожая жанчына. Таленавітая. На сцэне бывала нават страшна! У “Кармэн”, калі сварка зь Мікаэлай адбываецца, Тамара Ніжнікава – сама мне пра гэта расказвала – нават баялася выходзіць на сцэну. Так гарэлі вочы ў Александроўскай, што Ніжнікава думала: сапраўды шарахне ножыкам па ёй. Артыстка! Яна вельмі была багатая па сваёй натуры, адораная. Гэта ня толькі голас, ня толькі словы, ня толькі музыка, гэта яшчэ й вобраз, паводзіны, касьцюм, уменьне грыміравацца. Яна ўсё гэта выдатна рабіла”.

Якая праграма Першага міжнароднага конкурсу? У Менск ужо прыехалі выканаўцы зь дзевяці краінаў сьвету: Баўгарыі, Літвы, Польшчы, Карэі, Кітаю, Малдовы, Украіны, Расеі. Мяркуецца, што ў конкурсе возьмуць удзел больш за 70 маладых опэрных выканаўцаў.

Праграма конкурсу ўключае ў першым туры арыі кампазытараў 17-18 стагодзьдзя, беларускую народную песьню альбо народную песьню краіны ўдзельніка. У другім туры – вялікую опэрную арыю, старадаўні й сучасны рамансы, абавязковую арыю беларускага кампазытара (у залежнасьці ад тыпу голасу). У трэцім туры – арыі з опэр італьянскіх кампазытараў па выбару ўдзельніка. Конкурсныя праслухоўваньні будуць праходзіць публічна, у Беларускай акадэміі музыкі й Ліцэі БДУ. Ну, і адметнасьцю першага міжнароднага конкурсу тое, што спаборнічае моладзь.

Гутару з Сяргеем Тургелем, дырэктарам-распараднікам першага Міжнароднага конкурсу імя Ларысы Александроўскай:

(Карэспандэнтка: ) “Калі ўдзельнічаюць толькі выканаўцы, якія нарадзіліся не раней за 1973 год, то гэта – конкурс маладых выканаўцаў?”

(Тургель: ) “Атрымліваецца, што так. Але менавіта ў гэтым ўзросьце і праяўляюцца здольнасьці вакалістаў”.

(Карэспандэнтка: ) “А як выглядаюць беларускія канкурсанты? Хто гэта – студэнты кансэрваторыі?”

(Тургель: ) “У бальшыні сваёй гэта ўжо не студэнты кансэрваторыі. Гэта альбо стажоры Вялікага акадэмічнага тэатру опэры, альбо салісты філярмоніі – словам, вопытныя музыканты”.

(Карэспандэнтка: ) “А можаце некалькі прозьвішчаў беларусаў назваць?”

(Тургель: ) “Мы вельмі спадзяемся на Тацяну Гаўрылаву. Гэта адна з нашых найбольш дастойных кандыдатур, сапрана”.

Народная артыстка СССР, прафэсар Беларускай акадэміі музыкі Тамара Ніжнікава ачольвае журы конкурсу:

(Ніжнікава: ) “Наагул, такі вакальны конкурс — гэта вялікае сьвята. Гэта сур’ёзнае вакальнае мастацтва. Тут і матухна-прырода павінна дапамагчы, і адукацыя, і добрая вакальная школа, і музычнасьць — вельмі шмат кампанэнтаў, якія неабходныя, каб атрымаць званьне ляўрэата. Гэта надзвычай складана і адказна. Але вельмі цікава! Як мне прафэсар Уладзімірава з Маскоўскай кансэрваторы, родная сястра знакамітай Барсавай, казала: конкурс — гэта лятарэя. Будзе гучаць і наша беларуская музыка, і эўрапейская, расейская, абавязкова італьянская — гэта цікава”.

Адметнасьць першага міжнароднага конкурсу — тое, што спаборнічаюць менавіта маладыя выканаўцы, не старэйшыя за 30 гадоў. Завершыцца сьвята опэрнага мастацтва 1 сьнежня. Арганізатары ўжо заявілі, што конкурс маладых вакалістаў імя Ларысы Александроўскай стане традыцыйным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG