Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне жыхароў Менскай вобласьці: Ці падрыхтаваліся беларускія вяскоўцы да халадоў і сьнегу?


Міхал Стэльмак, Менск Адказ на гэтае пытаньне высьвятляў наш карэспандэнт.

Паводле прадстаўнікоў улады, вёска падрыхтаваная да зімы. Гаворыць сакратарка выканкаму Красьненскага сельсавету, што ў Маладэчанскім раёне, Алена Давыдзенка:

(Давыдзенка: ) “Яшчэ ніхто ні на што не наракаў. Мы ж выяжджаем і глядзім, як жывуць нашы жыхары. Калі якая мяцеліца, дык сацыяльныя работнікі даходзяць да адзінокіх”.

Ці сапраўды вяскоўцы ня будуць мець сёлетняй зімой ніякіх клопатаў? Надзея Кукушкіна жыве ў вёсцы Дубы, што ў Крупскім раёне:

(Кукушкіна: ) “Крамы няма, аўталаўка ходзіць два разы на тыдзень”.

(Карэспандэнт: ) “Ці выпаў сьнег у вас?”

(Кукушкіна: ) “Ідзе. Як пайшоў у восем гадзін, дык і цяпер ідзе. Валіцца і валіцца, трэба ўжо разьмятаць, каб прайсьці. Засталося шмат і морквы і буракоў на полі. Ня ўбралі. Людзей няма ўбіраць. Былі мэханізатары, але іх паскарачалі. Бо няма тэхнікі”.

(Карэспандэнт: ) “Якія праблемы ўзьнікнуць у вяскоўцаў са сьнегам?”

(Кукушкіна: ) “Як дарога будзе замеценая, і яе не расчысьцяць, то аўтобус можа не хадзіць, можа аўталаўка ня прыйсьці. Як перазімаваць зіму, хто яго ведае?!”

Вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін жыве ў мястэчку Бобр і пра вясковыя праблемы з надыходам зімы ведае на ўласным досьведзе:

(Пушкін: ) “На міліцыянтаў і на кагэбістаў стае і саляркі, і сродкаў, а на запраўку грэйдэра і на прачыстку вуліцаў заўжды не хапае”.

(Карэспандэнт: ) “Алесь, ці падрыхтаваліся да зімы вы асабіста?”

(Пушкін: ) “Я даўно ўжо падрыхтаваўся. Учора выклаў крыніцу камянямі. Усю цалкам траву прычасаў, падкарміў дрэўцы, пераараў агарод”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG