Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 лістапада – міжнародны Дзень студэнта


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 17 лістапада

17 лістапада ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень студэнтаў. Усталяваны ён быў у 1946 годзе на Сусьветным кангрэсе студэнтаў, што адбыўся тады ў Празе ў гонар чэскіх студэнтаў-патрыётаў, расстраляных нямецкімі акупантамі ў гэты дзень, 17 лістапада 1939 году.

А крыху раней, 17 лістапада 1935 году ў Савецкім Саюзе на нарадзе стаханаўцаў Іосіф Сталін прамовіў сваю знакамітую фразу: “Жыць стала лепей, жыць стала весялей”. З вышыні часу гэтыя словы ўспрымаюцца як чорны жарт тырана напярэдадні самых масавых рэпрэсіяў супраць уласнага народу.

Цяпер – пра знакамітых людзей, якія нарадзіліся ў гэты дзень.

17 лістапада 1828 году ў маёнтку Станькава каля Койданава прыйшоў на сьвет беларускі граф Эмэрык Чапскі. Ён стане дзяржаўным дзеячом і мэцэнатам, а таксама выбітным калекцыянэрам, створыць у сваім Станькаве музэй старажытнасьцяў. Сёньня ў Станькаве ад графа Чапскага засталіся толькі парк і будынак музэя, а сама ягоная калекцыя раскіданая па ўсім сьвеце.

17 лістапада ў розныя гады нарадзіліся дзяяч беларускага нацыянальнага адраджэньня Кастусь Езавітаў, пэдагог і мэмуарыст Янка Багдановіч, а таксама беларускі кінарэжысэр Вадзім Сукманаў. На кінастудыі “Беларусьфільм” Сукманаў працаваў з 1968 году, быў ляўрэатам міжнародных прэміяў, атрымліваў прызы ў Лёндане, Будапэшце, Маскве, Жэнэве. Варта згадаць ягоныя фільмы, прысьвечаныя Коласу, Маўру, Быкаву, Барадуліну. Зьняў Вадзім Сукманаў і фільм пра беларускую Вільню.

17 лістапада 1796 году пакінула гэты сьвет расейская імпэратарка Кацярына ІІ. Яе роля ў гісторыі Беларусі цалкам адмоўная, бо зьвязаная са стратаю нашымі продкамі сваёй незалежнай дзяржавы і наступнай 200-гадовай палітыкай русыфікацыі. Між тым, па ўсёй Беларусі і сёньня захоўваюцца паданьні пра Кацярыну, якая нібыта праяжджала тую ці іншую мясцовасьць, аглядаючы беларускія землі, толькі што далучаныя да Расейскай імпэрыі. З паходжаньня Кацярына ІІ была нямецкай прынцэсай Соф’яй Фрэдэрыкай Аўгустай Анхальт-Цербскай. У 1745 годзе яна стала жонкай расейскага князя Пятра Фёдаравіча, будучага імпэратара Пятра ІІІ, якога пасьля скінула з пасаду і заняла ягонае імпэратарскае месца.
XS
SM
MD
LG