Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пройдуць тэледэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты Юшчанкі й Януковіча


Валер Каліноўскі, Менск Згодна з законам дэбаты будуць доўжыцца 100 хвілін у эфіры першага нацыянальнана тэлеканалу УТ-1. Пачатак а 19 гадзіне. Дэбаты разьбітыя на чатыры блёкі, прысьвечаныя сацыяльнай, эканамічнай, унутранай і зьнешняй палітыцы. Раней праўладны кандыдат Віктар Януковіч адмаўляўся ад дэбатаў, на мінулым тыдні ён заявіў, што яго пераканалі лісты працоўных.

Абодва кандыдаты актыўна рыхтаваліся да дэбатаў, кандыдат ад апазыцыі Віктар Юшчанка нават адмяніў з гэтай нагоды сваю паездку ў Херсон, а прэм’ер Віктар Януковіч сустракаўся са сваімі найбліжэйшымі дарадцамі. Гісторыя зь першапачатковым адмаўленьнем Януковіча ад дэбатаў, ягонымі патрабаваньнямі прабачэньняў ад Юшчанкі за нібыта пэрсанальныя абразы зь ягонага боку нэгатыўна адбілася на іміджы дзейнага прэм’ера, апазыцыя называла яго баязьліўцам. Большасьць назіральнікаў лічыць фаварытам у гэтых дэбатах менавіта кандыдата ад апазыцыі Віктара Юшчанку. Гаворыць кіеўскі палітоляг Аляксандар Дзергачоў, рэдактар інтэрнэт-выданьня “Прозора політыка”:

(Дзергачоў: ) “Калі зыходзіць са стандартаў свабодных дэбатаў, то тут, безумоўна, перавага на баку Юшчанкі. Па-першае, ён нашмат больш глыбока адукаваны чалавек, ён зьяўляецца публічным палітыкам. А Януковіч мае мінімальны досьвед, і вядзеньне дыскусіі ўвогуле для Януковіча невядомы жанр. Ён гэтага ніколі не рабіў, ён альбо падпарадкоўваўся, альбо камандаваў”.

Акрамя таго, Аляксандар Дзергачоў перакананы, што стан украінскага грамадзтва, эканамічныя праблемы дазваляюць апазыцыйнаму кандыдату быць больш пераканаўчым. Такім чынам, спадар Дзергачоў чакае, што Януковіч падчас дэбатаў будзе ў абароне, хаця ён і мае пэўныя шанцы безь вялікіх стратаў правесьці гэтую дыскусію. Іншая справа, што ў прынцыпе гэтыя дэбаты ў нязначнай ступені могуць вызначыць вынік выбараў 21 лістапада, бо большая частка грамадзтва даўно вызначылася. І Януковічу гэтыя дэбаты патрэбныя як гульня ў легітымацыю таго выніку, якога ён разьлічвае дасягнуць з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу.

(Дзергачоў: ) “Калі б галасаваньне было б некантраляваным, то Януковіч ня меў бы ніякіх шанцаў. Але калі будуць ужытыя надзвычайныя захады з выкарыстаньнем адмінрэсурсу, маніпуляваньне ўчастковымі й тэрытарыяльнымі камісіямі, то ўлада можа выйсьці на непраўдзівы па сутнасьці, фармальны вынік, які дазволіў бы абвесьціць перамогу Януковіча”.

Вынік прэзыдэнцкай кампаніі ва Ўкраіне пакуль не прадвызначаны, лічыць кіеўскі палітоляг Аляксандар Дзергачоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG