Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зладжаны другі аўкцыён твораў мастацтва


Севярын Квяткоўскі, Менск Увечары 14 лістапада ў памяшканьні Тэатру беларускай драматургіі за самы вялікі кошт – дваццаць дзьве тысячы даляраў – прадалі адну з карцінаў Юдаля Пэна. Разам на аўкцыён было выстаўлена каля трохсот лотаў, зь якіх прадалі каля шасьцідзесяці.

Таргі ладзіў антыкварна-аўкцыённы дому PARAGIS, чые прадстаўнікі ацанілі вынікі аўкцыёну як фурор: была купленая амаль траціна прапанаваных твораў. Аўкцыён быў зборным. Тут выстаўляліся як творы выяўленчага мастацтва – жывапіс, графіка і скульптура – гэтак рэчы антыкварнага кшталту: напрыклад, наканечнікі стрэл з Малой Азіі, датаваныя чацьвёртым стагодзьдзем да нашага часу. А таксама манэты, маркі ды старадрукі розных краінаў.

Тым часам некаторыя вядомыя беларускія мастакі са скепсісам ставяцца да спробаў аўкцыёнаў твораў мастацтва ў Беларусі. Гэтак, першы падобны аўкцыён ладзіўся на пачатку бягучага году і быў цалкам прысьвечаны выяўленчаму мастацтву. І такія вядомыя мастакі, як Алесь Пушкін ці Ўладзімер Канцадайлаў засьведчылі, што іхныя творы намінальна былі купленыя, але грошы не былі выплачаныя, а мастакам прапанавалі забраць свае творы.

Зь іншага боку, самі спробы аўкцыёну ўсе аднагалосна ацэньваюць як станоўчыя, бо аўкцыёны спрыяюць фармаваньню рынку твораў мастацтва. Тым ня менш, старшыню мастацкае рады аўкцыёну Міколу Паграноўскага зьдзівіла, што многія творы сучаснага беларускага мастацтва купляліся бяз гандлю – па заяўленым кошце. Да таго ж, многія творы не перавышалі па кошце трыста даляраў. Для прыкладу, нізкаякасныя мастацкія вырабы на вулічным кірмашы ў Менску каштуюць ад пяцідзесяці да пяцісот даляраў.

Наўрад ці аўкцыён 14 лістапада можа патлумачыць тэндэнцыі сучаснага рынку твораў мастацтва ў Беларусі. Прыблізна па адным кошце прадаваліся карціны маладых мастакоў і “мастадонтаў” беларускага сацрэалізму. Прыклад – карціна Ўладзімера Стальмашонка, якая была рэпрэзэнтаваная назвай “Маяковский в Белоруссии” і якую ацанілі на 200-300 даляраў.

Больш за тысячу даляраў удзельнікі аўкцыёну плацілі за творы ювэлірнага мастацтва. Найвышэйшай паводле стартавага кошту сталася расейская падвеска 1998 году вытворчасьці. Але адзінаццаць дыямэнтаў у атачэньні золата, сапфіраў ды гранатаў коштам 850 тысяч даляраў прысутных не зацікавілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG