Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэчыцкі піўзавод першым у Беларусі распачаў выраб піва прэміум-клясы “Лебэнбір” паводле нямецкіх стандартаў


Казімір Яноўскі, Гомель Да вырабу піва прэміум-клясы “Лебэнбір” ў Рэчыцы спрычыніліся найперш літоўскія інвэстары з таварыства “А”, – кампаніі, якая працуе на рынку абсталяваньня і новых тэхналёгіяў у піваварнай вытворчасьці.

Літоўцы маюць 32 адсоткі акцыяў Рэчыцкага піўзаводу. Яны й выдаткавалі каля 5 мільёнаў даляраў на рэканструкцыю заводу, набыцьцё нямецкага адмысловага абсталяваньня. Акурат на гэтым абсталяваньні й вырабляецца піва новага гатунку.

Я сам не вялікі аматар піва. Праўда, падчас адной з паездак у Чэхію мне давялося быць на піўным заводзе, заснаваным недзе яшчэ ў 16 стагоддзі. Бадай тады і адчуў, што такое сапраўднае хмельнае пітво. Калі я пакаштаваў “Лебэнбір”, дык яно нагадала мне той незабыўны смак піва.

Зрэшты, я магу і памыляцца. Таму ўчора я наведаў фірмовы зборны піўны бар “Рэчыцкае піва”. Яго паставілі на цэнтральным пляцы гораду за колькі мэтраў ад помніка Леніну – відаць, з нагоды 7 лістапада. Людзей у піўным бары і вакол вынасных столікаў на пляцы было багата, у тым ліку й тых, хто піў не гарэлку, а менавіта рэчыцкае піва. У іх я і пацікавіўся ўражаньнямі пра новы гатунак хмельнага пітва:

(Мужчына: ) “Лебэнбір” лепшае за “Балтыку”, на мой густ”.

(Жанчына: ) “Лебэнбір” – смачнае піва, якое і трэба вырабляць болей, чымсьці іншыя гатункі таго ж Рэчыцкага піўзаводу”.

(Хлапец: ) “Лебэнбір” – рэчыцкае новенькае. Вельмі смачнае піва. Мужыкам раю піць “Лебэнбір” і пахмяляцца ім”.

Гэтак вось ацэньваюць гамельчукі новае пітво рэчыцкіх півавараў. Наогул, клясычны нямецкі рэцэпт піва, паводле якога і выраблена “Лебэнбір”, уключае толькі ваду, сьветлы солад і хмель. І ніякіх болей дабавак.

Чаму літоўскія інвэстары сталі падтрымліваць менавіта рэчыцкіх півавараў, хаця бліжэй да Літвы ёсьць бровар у Лідзе і, нарэшце, у Менску? Наколькі вядома, літоўскія інвестары, перш чым выбраць Рэчыцу, вывучалі стан піваварнай вытворчасьці ў Беларусі. Проста рэчыцкія півавары ўспрымалі новае: яны першымі сталі выпускаць фірмовыя гатункі піва, засвоілі тэхналёгію пастэрызацыі. Піва ў бляшанках і кегах таксама ўпершыню у Беларусі выпусьцілі ў Рэчыцы.

Да таго ж, Гомельскі аблвыканкам абачліва ахвяраваў сваю частку ўласнасьці на карысьць разьвіцьця прадпрыемства. Усё гэта і абумовіла інтарэс літоўскіх інвэстараў да Рэчыцкага піўзаводу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG