Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамельчукі выказваюць сваё стаўленьне да сьвята 7 лістапада


Казімір Яноўскі, Гомель “У Расеі заўтра апошні раз сьвяткуюць Дзень 7 лістапада. Я вы лічыце, у Беларусі 7 лістапада павінна застацца дзяржаўным сьвятам”? Гэтае пытаньне жыхарам Гомеля задаваў наш карэспандэнт.

(Хлопец: ) “7 лістапада – гэта ўжо ня нашая гісторыя, гэта гісторыя СССР, а гісторыя Беларусі была раней, і павінны быць іншыя сьвяты, зьвязаныя зь Вялікім Княствам Літоўскім або з Полацкім, Тураўскім княствам”.

(Спадарыня: ) “Гэта сьвята, якое трэба памятаць і неяк адзначаць”.

(Дзяўчына: ) “На мой погляд, 7 лістапада – гэта такое ж сьвята, як і 1 травеня альбо 3 ліпеня, якое для мяне абсалютна нічога не адзначае, проста яшчэ адзін выходны. І наогул, па-мойму, нашаму народу ўсё адно што сьвяткаваць, абы сьвяткаваць”.

(Спадарыня: ) “Беларусы не адмовяцца, будуць сьвяткаваць”.

(Хлопец: ) “Можна, канечне, арганізаваць на гэты конт чарговы рэфэрэндум. Лішняе сьвята нікому не пашкодзіць”.

(Спадарыня: ) “Канечне, павінен”.

(Спадар: ) “Быць дзяржаўным сьвятам--напэўна, не. Я не сьвяткую гэты дзень”.

(Маладзён: ) “Гэта гісторыя. Чаму помнік Леніну ўсё яшчэ стаіць? Гэта ўсё гісторыя. Ён павінен застацца, бо гісторыю ня зьменіш”.

(Спадарыня: ) “Цяжка сказаць. Не, напэўна, не павінен. Проста ў нас столькі праблем, што гэтае сьвята для нас ня сьвята”.

(Спадар: ) “Я думаю, што можна абысьціся безь яго. Увесьці якое агульнаграмадзкае сьвята, сапраўды, прымірэньня”.

(Маладзён: ) “Я лічу, што павінен заставацца дзяржаўным сьвятам, бо людзі да гэтага ўжо звыкліся. Гэта ўсё-ткі часьціна нашай гісторыі. Добра гэта было ці дрэнна, але Савецкі Саюз да сёньняшняга дня – якаясьці частка нашага жыцьця”.

(Дзяўчына: ) “У Беларусі – павінен заставацца. Таму што гэта сьвята перамогі народа. І таксама гэта выходны. Для студэнтаў гэта добра”.

(Спадар: ) “Што сьвяткаваць? Ужо такую вялікую колькасьць інфармацыі мы на сёньня маем і пра рэвалюцыю, і пра ейныя наступствы – проста абсалютна нелягічна адзначаць гэтае сьвята. Я не разумею, да чаго мы вяртаемся і што мы сьвяткуем. Рэпрэсаваных нашых бабуляў і дзядуляў, альбо каго? ГУЛАГ сьвяткуем? Я наогул ня ведаю, што мы адзначаем. Сэнсу ў гэтым я ня бачу ніякага, абсалютна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG