Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады праігнаравалі рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы


Галіна Абакунчык, Менск Упершыню ў гісторыі Міжнароднай арганізацыі працы бюро ў справе дзейнасьці арганізацыяў працоўных апублікавала дасьледаваньне эканомікі Беларусі. Сярод высноваў, зробленых экспэртамі Нямеччыны, Беларусі й Расеі, — неабходнасьць эканамічных рэформаў у галіне аплаты працы, стабілізацыі фінансавай сыстэмы краіны, зьнешнеэканамічнай дзейнасьці. Правесьці гэтыя зьмены немагчыма без удзелу прафсаюзаў. Аднак улады Беларусі рэкамэндацыі МАП праігнаравалі.

Дасьледаваньне мела на мэце дапамагчы прафсаюзам Беларусі аргумэнтавана давесьці ўладам неабходнасьць сур’ёзных зьменаў у цяперашняй сыстэме гаспадараньня й супольнай працы з прафсаюзамі ў гэтым кірунку. У прыватнасьці, у дакумэнце гаворыцца пра патрэбу рэформаў жыльлёвага сэктару, рэструктурызацыі й празрыстасьці працэдуры прыватызацыі, распрацоўкі заканадаўства ў абарону правоў працоўных у выпадку банкруцтва прадпрыемстваў. З гэтай мэтай справаздача экспэртаў МАП была прапанаваная ўраду краіны, але безвынікова, — паведаміў адзін зь лідэраў незалежнага прафсаюзнага руху Аляксандар Бухвостаў.

(Бухвостаў: ) “Ва ўлады іншая канцэпцыя разьвіцьця эканомікі, яна не супадае з прапановамі. Улада не адрэагавала”.

Акрамя таго, улады прыпынілі праграмы супрацоўніцтва Міжнароднай арганізацыі працы на тэрыторыі Беларусі. Таму справаздача экспэртаў МАП у справе эканамічнага разьвіцьця Беларусі была прэзэнтаваная ў Расеі.

У Жэнэве гэтымі днямі праходзіць паседжаньне Адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы, якое мае разгледзець пытаньне па Беларусі. Гэта будзе абмеркаваньне справаздачы Адмысловай камісіі МАП, зробленай у выніку дасьледаваньня стану з правамі прафсаюзаў у Беларусі. У дакумэнце, у прыватнасьці, сьцьвярджаецца пра ўмяшальніцтва ўладаў у дзейнасьць прафсаюзаў і парушэньне правоў незалежных прафаб’яднаньняў і ягоных сяброў. Парушэньне правоў працоўных ва ўсім сьвеце прыроўніваецца да парушэньня правоў чалавека. Таксама ў зьвязку з парушэньнем беларускімі ўладамі статуту Міжнароднай арганізацыі працы, Адміністрацыйная рада намерваецца зьвяртацца да краінаў Эўразьвязу з прапановай ужыць супраць уладаў Беларусі эканамічныя санкцыі.

На фотаздымку: А.Бухвостаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG