Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Якімі пасьля рэфэрэндуму і выбараў павінны быць дзеяньні беларускай апазыцыі?


Міхал Стэльмак, Менск На пытаньне тыдня адказваюць менчукі, зь якімі гутарыў наш карэспандэнт.

(Спадар Аляксей: ) “Такое цяжкае пытаньне задалі, што я ня ведаю, што адказаць”.

(Спадарыня Віка: ) “Гэта складанае пытаньне, але я ўсё ж лічу, што трэба дамагацца свайго. Трэба дамагацца справядлівасьці й праўды”.

(Спалдар Іван: ) “Прынамсі, зрабіць нешта ўжо немагчыма. Зьмяніць нешта нічога не атрымаецца”.

(Спадар Антон: ) “Трэба неяк па-іншаму. Пераглядзець гэтую справу”.

(Спадар Віктар: ) “Дзеяньні апазыцыі цяжка спрагназаваць. Таму што яны нелягічныя. Не паддаюцца лёгіцы”.

(Спадарыня Надзея: ) “Што тут зробіш? Ужо ўсё зроблена. Трэба чакаць новага рэфэрэндуму”.

(Спадар Уладзімер: ) “Тут трэба дзейнічаць па-іншаму. Трэба зусім іншы падыход”.

(Спадарыня Ганна: ) “Трэба перайначыць, бо атрымаецца так, што наша Беларусь будзе нікому не патрэбная”.

(Спадар Ігар: ) “Я лічу, што ў Беларусі ўвогуле не існуе апазыцыі. Як палітычнай адзінкі”.

(Спадар Вячаслаў: ) “Па-іншаму, яркіх лідэраў, якія бы прапанавалі абмеркаваць нейкія надзённыя пытаньні пасьля рэфэрэндуму, няма. Проста няма адэкватных людзей”.

(Спадар Ігар: ) “Сэнсу ў такой апазыцыі няма. Тая апазыцыя, якая ёсьць цяпер, яна не адпавядае нейкім цывілізаваным стандартам”.

(Спадарыня Алена: ) “Я думала пра гэта. Але лічу, што няма сэнсу далей змагацца. Таму што іх вельмі мала. І нічога яны ня зробяць. Трэба зьмірыцца з тым, што ёсьць”.

(Спадар Ігар: ) “Павінна быць новая апазыцыя. І складацца яна павінна з новых людзей, а ня з тых, што займаюцца цяпер палітычнай дзейнасьцю. Трэба, каб была новая, сумленная апазыцыя — у поўным сэнсе гэтага слова”.

(Спадар Вячаслаў: ) “Можа, зьявіцца нейкая іншая апазыцыя”.

(Спадар Ігар: ) “Яна павінна быць актыўнай і прыслухоўвацца да ўсіх слаёў насельніцтва. Павінна перацягнуць электарат на свой бок. Яна павінна быць гнуткай. Прыстасоўвацца да той сытуацыі, якая цяпер у Беларусі”.

(Спадар Аляксандар: ) “Трэба апазыцыі больш працаваць зь людзьмі, таму што людзі за ёй не ідуць”.

(Спадар Зьміцер: ) “Трэба больш напорыста і жвава агітаваць”.

(Спадарыня Галіна: ) “Трэба адстойваць свае ідэалы”.

(Спадар Валер: ) “Людзей, якія спачуваюць апазыцыі, больш, чым саміх апазыцыянэраў. Таму пажадана, каб былі нейкія іншыя падыходы”.

(Спадар Максім: ) “Трэба апазыцыі лідэр, які бы праводзіў палітыку, падобную на палітыку Лукашэнкі. Ён абяцае народу шмат. І народ яму верыць”.

(Спадар Сяргей: ) “Трэба шукаць лідэра. Трэба знайсьці чалавека, які бы стаў выразьнікам ідэяў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG