Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрылі сэзон канцэртаў “Легенды Вялікага Княства”


Галіна Абакунчык, Менск У менскім Доме літаратара адбылося адкрыцьцё новага сэзону старадаўняй музыкі ў сэрыі канцэртаў “Легенды Вялікага Княства”. Першым выступам у рамках гэтага праекту стаўся канцэрт гурта “LITUUS”, які прэзэнтаваў праграму “Полацкі сшытак” і “Віленскі сшытак”. Аднак арганізатары заяўляюць, што тэрміны й месца правядзеньня наступных імпрэзаў невядомыя, бо ад сёлета ўмовы правядзеньня канцэртаў зрабіліся больш жорсткія.

Старадаўнюю музыку “LITUUS” грае ня першы год, у тым ліку ў рамках праекту “Легенды Вялікага Княства”. Удзельнікі калектыву — прафэсійныя музыкі, а таму сёньняшняе выкананьне “Віленскага” й “Полацкага” сшыткаў дапоўнілі адмысловай лекцыяй. Дарэчы, ад сёлета камэнтары музыказнаўцаў па гісторыі старадаўняй музыкі будуць суправаджаць ўсе канцэрты гэтага цыклю. Да новага году гэта мае быць прыдворная музыка й музыка сярэдневечных калядаў, якую затым прадоўжыць сэрыя гімнаў і сьпеваў.

Аднак арганізатары асьцерагаюцца складаць больш дакладныя пляны, бо многія канцэртныя залі пачалі адмаўляць у арэндзе, як да прыкладу, Дом вэтэранаў, — сказаў у інтэрвію “Свабодзе” лідэр грамадзкай арганізацыі Беларуская музычная альтэрнатыва Віталь Супрановіч:

(Супрановіч: ) “Яны проста адмаўляюць і нам гэта не тлумачаць ніяк. Проста яны баяцца і ня хочуць ніякіх канцэртаў”.

Паводле яшчэ адной арганізатаркі канцэртаў Арыны Вячоркі, ад сёлета распачынае дзейнічаць адмысловая пастанова, у адпаведнасьці зь якой усе дзяржаўныя канцэртныя арганізацыі атрымалі фінансавыя й іншыя льготы на гастрольную дзейнасьць. Але пераважную бальшыню беларускай музыкі, у тым ліку й сэрыі “Легенды Вялікага Княства”, граюць музыкі адлучаныя ад чыноўніцкіх структураў на якіх гэтыя льготы не распаўсюджваюцца. І гэта ёсьць палітыкай уладаў у дачыненьні носьбітаў беларускай культуры, — перакананая спадарыня Вячорка.

(Вячорка: ) “Лічу, што ідзе дзяржаўны наступ на сфэру культуры: цяпер могуць арганізоўваць канцэрты артысты, якія атрымліваюць заробкі, а для беларускіх выканаўцаў скідак няма. Я проста думаю, што варта гаварыць пра свабоду творчасьці ў Беларусі, якой няма”.

Паводле Арыны Вячоркі, аўтары і ўдзельнікі праекту заплянавалі ў гэтым сэзоне конкурс маладых гуртоў, якія граюць старадаўнюю музыку, а па ягоных выніках думаюць правесьці супольны канцэрт і выпусьціць музычны альбом “Легенды Вялікага Княства-2”.

Плянуецца таксама, што наступным канцэртам у рамках праекту старадаўняй музыкі “Легенды Вялікага Княства” стане выступ гуруту “Стары Ольса”, які адбудзецца 26 лістапада ў Палацы культуры прафсаюзаў. А заўтра ў Доме літаратара пройдзе канцэрт Касі Камоцкай, арганізаваны Беларускай музычнай альтэрнатывай. Цягам лістапада таксама мусяць адбыцца выступы гуртоў “Уліс” і “Троіца” і вядомага барда Віктара Шалкевіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG