Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 кастрычніка НКВД расстраляла ў Курапатах Дудара, Чарота і яшчэ 20 беларускіх пісьменьнікаў


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 29 і 30 кастрычніка

29 кастрычніка – самы чорны дзень у гісторыі беларускай літаратуры. За адну ноч з 29-га на 30-га кастрычніка 1937 году ў Курапатах пад Менскам карнікі НКВД расстралялі цэлую групу пісьменьнікаў, сярод якіх былі Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Валеры Маракоў, Міхась Чарот ды іншыя, усяго 22 чалавекі. Наагул жа за сталінскім часам было рэпрэсавана 440 з 550-ці літаратараў. Рада Беларускага ПЭН-цэнтру зьвярнулася ва Ўсясьветны ПЭН-клюб з прапановаю абвясьціць 29 кастрычніка Ўсясьветным днём памяці рэпрэсаваных пісьменьнікаў.

Чорны дзень 29 кастрычніка не абмяжоўваецца 37-м годам. У такі самы дзень у 1938-м у Курапатах была расстраляная дзяячка беларускага нацыянальнага адраджэньня і кіраўнічка беларускіх эсэраў Палута Бадунова. Варта згадаць, што гэты дзень у савецкім календары быў сьвяточным, бо менавіта 29 кастрычніка ў СССР адзначалі дзень нараджэньня камсамолу.

29 кастрычніка 1989 году ў Курапатах быў усталяваны і высьвечаны першы памятны крыж.

29 кастрычніка 1942 году нямецкія нацысты разам з украінскімі паліцыянтамі зьнішчылі 16 тысяч габрэяў у Пінску. А 29 кастрычніка 1952 году тамсама ў Пінску была ўзарваная сынагога – самая старая на землях былой Рэчы Паспалітай.

29 кастрычніка 1451 году ў італьянскім горадзе Генуя нарадзіўся Хрыстафор Калюмб, выбітны мараход, гішпанскі адмірал. Гэта ён кіраваў гішпанскай экспэдыцыяй ў Індыю, у выніку якой была адкрытая Амэрыка.

Сярод знакамітых людзей, што прыйшлі на сьвет 29 кастрычніка ў розныя гады, згадаем сёньня гішпанскага адмірала Хрыстафора Калюмба, украінскага анархіста Нестара Махно, які стварыў уласную паўстанцкую армію, і Ёзэфа Гебельса, які быў міністрам прапаганды фашыстоўскага Райху.

Цяпер – пра памятныя даты заўтрашняе суботы.

30 кастрычніка ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. У зьвязку з гэтым варта нагадаць, што 30 кастрычніка 1937 году ў Менску НКВД працягвала расстрэлы беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў. Гэтым разам былі забітыя Янка Нёманскі, Тодар Кляшторны і зусім маладзенькі Юлі Таўбін. Гэта быў апошні групавы расстрэл паэтаў у Менску. Верагодна, таму, што паэтаў болей не засталося. Усе, каго не забілі, ужо былі высланыя ў ГУЛАГ.

30 кастрычніка 1988 году, 15 гадоў таму, у Менску адбыўся мітынг-рэквіем памяці ахвяраў сталінізму, які быў гвалтоўна разагнаны камуністычнымі ўладамі.

30 кастрычніка 1905 году нарадзіўся адзін з самых вядомых беларускіх масткоў ХХ стагодзьдзя – скульптар Андрэй Бембель. 30 кастрычніка 1947 году нарадзіўся галоўны беларускі балетмайстар Валянцін Елізар’еў. Таксама 30 кастрычніка ў розныя гады прыйшлі на сьвет францускі паэт і філёзаф Поль Валеры, амэрыканскі паэт-авангардыст Эзра Паўнд і аргентынскі футбаліст Дыега Марадона.
XS
SM
MD
LG