Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск заяўляе пра крокі ў адказ на амэрыканскі “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, і расейцы выказалі незадаволенасьць


Валер Каліноўскі, Менск У сувязі з падпісаньнем прэзыдэнтам Бушам “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” афіцыйны Менск усклаў адказнасьць за ўскладненьне двухбаковых адносінаў на ЗША. Міністэрства замежных справаў Беларусі ў адмысловай заяве сёньня заявіла наконт магчымасьці крокаў у адказ. Заява Джорджа Буша з нагоды прыняцьця “Акту аб дэмакратыі”, на думку афіцыйнага Менску, зробленая ў “рэчышчы канфрантацыйных падыходаў часоў халоднай вайны”. МЗС таксама абвяргае крытыку Бушам мінулых выбараў і рэфэрэндуму, спасылаючыся на меркаваньні назіральнкіаў з СНД.

МЗС Беларусі лічыць, што ЗША сьвядома абвастраюць адносіны з афіцыйным Менскам і схіляюць да гэтага сваіх саюзьнікаў. Афіцыйны Менск заяўляе, што гэты крок ЗША парушае Дэклярацыю ААН аб недапушчэньні інтэрвэнцыі і ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы іншых краінаў і абавязкі ЗША, прынятыя імі ў сувязі з далучэньнем Беларусі да дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі ад 5 сьнежня 1994 году. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Мы адкідваем любыя спробы дыктату і ціску з боку ЗША. У сытуацыі, якая склалася, беларускі бок пакідае за сабою права на прыняцьцё крокаў у адказ”.

Ацэньваючы эканамічныя наступствы “Акту аб дэмакратыі”, спадар Савіных заявіў:

(Савіных: ) “Эканамічны складнік “Акту аб дэмакратыі” носіць больш дэклярацыйны характар, галоўны сэнс акту — палітычны. Таму мы не разглядаем эканамічны аспэкт як сур’ёзны”.

Паводле МЗС Беларусі, таваразварот з ЗША летась склаў 252 мільёны даляраў, зь іх беларускі экспарт — 102 мільёны. Амэрыканскія інвэстыцыі ў Беларусь летась склалі 48 мільёнаў даляраў. Дэпутат і бізнэсовец Аляксей Ваганаў ацэньвае эканамічныя наступствы “Акту аб дэмакратыі”:

(Ваганаў: ) “Паколькі на сёньня таваразварот паміж Беларусьсю і ЗША вельмі невялікі, я ня думаю, што гэты акт наўпрост на наш таваразварот паўплывае”.

Аляксей Ваганаў тым ня менш прызнаў, што ўскосны ўплыў акту на таваразварот магчымы, аднак уласнаму бізнэсу спадара Ваганава ён не перашкодзіць. Дэпутат новаабранай Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава ня ўпэўненая ў рэальнасьці беларускіх захадаў у адказ на “Акт аб дэмакратыі”.

(Абрамава: ) “Ну, якія захады ў адказ магчымыя? Несупастаўляльныя велічыні… Я лічу, што ўнутрыпалітычная сытуацыя ў Беларусі зробіцца больш жорсткай — гэта і будуць дзеяньні ў адказ. Падзеі разьвіваюцца неспрыяльным чынам”.

Вольга Абрамава мяркуе, што да высылкі амэрыканскіх дыпляматаў ня дойдзе. Што да самога акту, то яна лічыць, што Джордж Буш выкарыстоўвае яго падчас выбарчай кампаніі.

***

Нэгатыўна паставіліся да акту ў Расеі. Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў, камэнтуючы падпісаньне прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, заявіў, што “Расея не падтрымлівае санкцыяў супраць Беларусі”.

“Мы не падтрымліваем прымяненьня санкцыяў у прынцыпе. Санкцыі павінны ўхваляцца Радай Бясьпекі ААН, тады яны адлюстроўваюць кансалідаваную думку сусьветнай супольнасьці”, -- сказаў міністар замежных справаў РФ Лаўроў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG