Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпіс парушэньняў па выбарчай акрузе, дзе балятаваўся Лябедзька, заняў 34 старонкі


Галіна Абакунчык, Менск Акруговая камісія па 102-й Сухараўскай акрузе Менску адмовілася прыняць да разгляду заяву давераных асобаў кандыдата ў дэпутаты Анатоля Лябедзькі аб парушэньні заканадаўства ў часе парлямэнцкіх выбараў і галасаваньні на рэфэрэндуме.

Пералік парушэньняў на выбарчых участках, даведзеных чальцамі групы назіральнікаў, склаў сьпіс памерам 34 аркушы. Сярод асноўных – недаступнасьць кантролю за падлікам галасоў, непрадстаўленьне выніковых пратаколаў і многія іншыя.

У гэтым зьвязку ўдзельнікі выбарчай кампаніі Анатоля Лябедзькі прапанавалі прызнаць вынікі выбараў у Сухараўскай акрузе несапраўднымі.

Аднак старшыня выбарчай камісіі Тацьцяна Самуйлік выяўленыя факты назвала беспадстаўнымі й адмовілася задаволіць заяву. Вось як гэта пракамэнтаваў адзін з заяўнікаў, давераная асоба Анатоля Лябедзькі Аляксандр Дабравольскі.

(Дабравольскі: ) “Проста бессэнсоўна было чакаць нейкага станоўчага рашэньня, бо яны ад пачатку заявілі, што ўсе складзеныя назіральнікамі акты ня маюць ніякай юрыдычнай сілы, што мы таксама ня маем ніякіх паўнамоцтваў і павінныя мы сядзець ціха і толькі іх слухаць. Некаторыя хавалі вочы, але бальшыня вельмі нахабна паводзілі сябе й нават выступіць не было ніякай магчымасьці. Таму я сказаў, што так альбо інакш, але яны парушаюць выбарчае заканадаўства й так альбо інакш, але за гэта давядзецца адказваць”.

Гаварыў сябра Аб''яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Дабравольскі. Нагадаю, што сам Аляксандр Дабравольскі быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты па Сьвіслацкай акрузе Менску, але акруговая камісія пазбавіла яго рэгістрацыі на падставе, нібыта, пратэстаў грамадзянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG