Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто вінаваты ў аварыі з удзелам назіральнікаў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ніхто з кіраўнікоў альбо шараговых супрацоўнікаў Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі Беларусі не пакараны ў сувязі з аварыямі з удзелам замежных назіральнікаў за выбарамі. Сьледзтва высьвятляе, ці маглі супрацоўнікі ДАІ прадухіліць гэтыя аварыі.

Хто вінаваты ў аварыях з удзелам міжнародных назіральнікаў, якія з інтэрвалам у гадзіну адбыліся 18 кастрычніка пад Жлобінам і Лепелем? Адказвае супрацоўнік прэсавай службы ДАІ рэспублікі Дзяніс Стаўскі:

(Стаўскі: ) “Гэта будуць вырашаць сьледчыя, яны абгрунтуюць свае высновы, і тады мы пра гэта будзем казаць”.

У Гомелі ўжо агучылі найбольш верагодную вэрсію аварыі з удзелам назіральнікаў з краінаў СНД. Начальнік Гомельскай абласной ДАІ Аляксандар Дзяркач паведаміў Радыё Свабода:

(Дзяркач: ) “З-за тэхнічнай непаладкі тармазной сыстэмы цэмэнтавоз выкінула на сустрэчную паласу, і адбылося сутыкненьне з аўтобусам. Вось і ўся прычына”.

Аўтобус з назіральнікамі суправаджаў аўтамабіль ДАІ, але чаму ён не прадухіліў здарэньне? Аляксандар Дзяркач лічыць, што зрабіць гэта было немагчыма. “Толькі разарвала тармазны шлянг, і машыну панесла на сустрэчную паласу. А па-другое, суправаджэньне не было паўнавартасным”.

(Дзяркач: ) “Суправаджэньне было ў мяккім рэжыме. Толькі каб паказаць дарогу. Аўтамабіль ДАІ ехаў безь мігалкі”.

У здарэньні пад Жлобінам пацярпелі тры назіральнікі. Адна з пацярпелых, кіраўнічка апарату расейскай Дзярждумы Марыя Лазутава дагэтуль знаходзіцца ў шпіталі. Яе стан дактары вызначаюць як цяжкі. Прычыны аварыі пад Лепелем супрацоўнікі Віцебскага ДАІ не называюць. Нагадаю, у гэтай аварыі загінулі тры чалавекі — грамадзяне Расеі, якія ехалі ў “Жыгулях”, што сутыкнуліся зь мікрааўтобусам назіральнікаў з АБСЭ. Назіральнікі не пацярпелі. Іхны аўтамабіль ДАІ не суправаджала.

Сярод самых гучных аўтааварыяў , якія адбываліся ў Беларусі, варта згадаць гібель у 1980 годзе тагачаснага кіраўніка Беларусі Пятра Машэрава і ў 1976 годзе — старшыні Вярхоўнага Савету Фёдара Сурганава. Пётар Машэраў загінуў у выніку сутыкненьня ягонага аўтамабіля з грузавіком, які вёз бульбу, адбылося гэта пад Менскам. Фёдар Сурганаў вяртаўся з паляваньня ў Белавескай пушчы, дзе ён быў разам з братам кубінскага лідэра Раулем Кастрам, і ягоны аўтамабіль сутыкныўся з аўтобусам. У абодвух выпадках наперадзе ехалі машыны суправаджэньня ДАІ, але прадухіліць аварыяў ня здолелі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG