Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты аказвалі ціск на валанцёраў каманды Зінаіды Бандарэнкі


Альгерд Невяроўскі, Менск Супрацоўнікі Смаргонскай раённай міліцыі прымусілі чатырох валанцёраў кандыдаткі ў дэпутаты, народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнкі даць паказаньні, што яны нібыта працуюць у яе камандзе за грошы. Складзены міліцыянтамі пратакол ужо перадалі ў акруговую выбарчую камісію. Зінаідзе Бандарэнцы цяпер пагражае пазбаўленьне рэгістрацыі за выкарыстаньне дадатковых сродкаў і подкуп выбарцаў.

У вёсцы Жодзішкі Смаргонскага раёну міліцыянты затрымалі Андрэя Масевіча, Зьмітра Добруха, Аляксея Бурдастых і Сяргея Мікуліча. Чацьвёра гэтых жыхароў Смаргоні — валанцёры ў камандзе Зінаіды Бандарэнкі й распаўсюджвалі ў вёсцы выбарчыя ўлёткі кандыдаткі. Спачатку міліцыянты сьцьвярджалі, што праводзіць агітацыю за кандыдатаў падчас датэрміновага галасаваньня нельга. Неўзабаве ў вясковы пастарунак прыехаў намесьнік начальніка Смаргонскага райаддзелу міліцыі спадар Максілевіч. Што было далей, распавядае давераная асоба кандыдаткі Андрэй Дзьмітрыеў:

(Дзьмітрыеў: ) “Прыйшоў намесьнік начальніка РАУС і пачаў ціснуць на людзей. Маўляў, давайце кажыце, што вы працуеце за грошы. Яму людзі неаднаразова казалі, што за грошы не працуюць, а дапамагаюць бясплатна. Ён казаў, што ня верыць, і калі не пацьвердзіце, што працуеце за грошы, я вас пакіну ў міліцыі, ва ўсіх будуць праблемы на працы. Ціск працягваўся больш за тры гадзіны, і людзі напісалі, што ім нібыта абяцалі па 5000 рублёў”.

Запісаныя міліцыянтамі паказаньні чатырох валанцёраў адразу ж былі перададзеныя ў Смаргонскую акруговую выбарчую камісію №61. Цяпер Зінаіду Бандарэнку могуць пазбавіць рэгістрацыі за выкарыстаньне ў кампаніі дадатковых сродкаў і подкуп выбарцаў. Андрэй Дзьмітрыеў так пракамэнтаваў гэты інцыдэнт:

(Дзьмітрыеў: ) “Езьдзячы па многіх вёсках, мы бачым, што людзі сапраўды нас падтрымліваюць. І, безумоўна, кандыдат ад улады, і самі ўлады ня ўпэўненыя ў сваіх сілах. І такім чынам яны хочуць знайсьці хоць штосьці, за што можна зачапіцца і зьняць нас з гонкі”.

Затрыманыя валанцёры ўжо напісалі адпаведныя заявы ў пракуратуру і акруговую выбарчую камісію, у якіх тлумачаць, што непраўдзівыя паказаньні яны далі пад ціскам супрацоўніка міліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG