Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ангельскія навукоўцы даказалі, што навучаныя сабакі могуць вынюхаць рак


Кастусь Бандарук і Натальля Судлянкова, Прага “Жывіце доўга – новае ў сучаснай мэдыцыне”

Здаўна існуе перакананьне, што сабака – найлепшы сябар чалавека. Навучаныя сабакі бываюць дасканалымі праваднікамі сьляпых, яны пасьпяхова знаходзяць наркотыкі ў багажах на лётнішчах, а таксама людзей засыпаных пад лавінай або пад руінамі. Уласьнікі сабак, замілаваныя сваймі любімцамі, ахвоча падкрэсьліваюць іхную вернасьць, адданасьць і розум. Яны кажуць, што сабакі дасканала адчуваюць, калі іхны гаспадар хворы або зь ім адбываецца нешта нядобрае.

Ужо ў старажытнай Грэцыі, побач з гіпатэрапіяй ( лячэньне з дапамагай коней), якую прапагандаваў Гіпакрат, сабакі выконвалі тэрапэўтычную ролю ў кульце сына Апалёна – Эскулапа, бога мэдыцыны. З 1970-х гадоў так званая “дога-тэрапія” ў ЗША ды іншых заходніх краінах шырока выкарыстоўвае спэцыяльна навучаных сабак для зьмякчэньня наступстваў шэрагу хваробаў: Альцгаймэра, СНІД, дэпрэсіі, хранічных хваробаў нэрвовай сыстэмы, цягліцаў і хрыбта. Тэрапэўтычныя заняткі з сабакамі аказаліся надзвычай прыдатныя ў навучаньні дзяцей з аўтызмам ды разумовым недаразьвіцьцём.

Дагэтуль чульлівасьць сабак на чалавечыя хваробы тлумачылася незвычайным інстынктам сабак. Цяпер брытанскія навукоўцы прыйшлі да высновы, што сабакі сапраўды могуць распазнаць рак. Гэтай здольнасьцю яны абавязаныя ня толькі свайму незвычайнаму інстынкту, але больш банальнай рысе – свайму нюху. Вынікі сваіх дасьледаваньняў вучоныя апублікавалі на старонках часопісу “British Medical Journal”.

Чуткі пра тое, што сабакі здольныя распазнаць рак, упершыню зьявіліся 15 гадоў таму. У 1989 годзе ў навуковым часопісе “Lancet” быў апублікаваны сэнсацыйны артыкул. Два лёнданскія дэрматолягі апісалі незвычайны выпадак адной брытанкі. Жанчына зьвярнулася да лекараў з просьбай выразаць ёй з нагі радзімку. Яе раздражнялі дзіўныя паводзіны ейнай сабакі, які ўвесь час абнюхваў радзімку, нават калі жанчына была ў нагавіцах. Аднойчы сабака спрабаваў нават укусіць цёмную пляму на скуры.

Лекары выразалі радзімку й паслалі яе ў лябараторыю. Гісталягічнае дасьледаваньне паказала, што ў жанчыны пачаў разьвівацца злаякасны від раку скуры, званы мэлянома. Калі б не рэакцыя сабакі і не своечасовая апэрацыя, жанчына непазьбежна памерла б.

Падобны выпадак быў апісаны ў 2001 годзе. Аднаго брытанца зусім не хвалявала й не абцяжарвала тое, што цягам 18 гадоў у яго на назе была экзэма, пакуль аднойчы ягоны сабака, лабрадор, не пачаў упарта абнюхваць гэтае месца, нават праз нагавіцы.

Ці не перабольшваем мы здольнасьці нашых любімцаў? Вучоныя кажуць, што не. Вядома, што ў часе фармаваньня ракавых пухлінаў зьяўляецца шэраг розных субстанцыяў і бялкоў, якія цыркулююць разам з крывёю, а пасьля выдаляюцца з арганізму разам з потам і мачою. Некаторыя шкодныя субстанцыі маюць свой характэрны пах. Для людзей ён неадчувальны, але сабакі, у залежнасьці ад пароды, маюць, як вядома, ледзь ня ў 100 тысяч разоў болей чульлівы нюх, чым людзі.

Навукоўцы са шпіталю Амэргэм ў Бэкінгэмшыры ў Вялікабрытаніі вырашылі праверыць, ці з дапамогай нюху хатнія сабакі сапраўды здольныя выявіць рак. У экспэрымэнце ўзялі ўдзел 6 сабак: тры кокер-спаніэлі, мініятурны кантынэнтальны спаніэль званы “папільёнам”, лабрадор ды звычайны мяшанец-дварняк. Усе яны былі вучаныя для дапамогі глухім людзям.

Цягам 7 месяцаў навукоўцы разам з трэнэрамі сабак спрабавалі навучыць сабак адрозьніваць ўзоры мачы людзей хворых на рак мачавога пухіра ад мачы здаровых людзей альбо хворых на іншыя хваробы мачавой сыстэмы. Сабак вучылі, каб тыя не зьвярталі ўвагу на розьніцы, якія вынікаюць з полу, ўзросту, дыеты ды іншых чыньнікаў, якія могуць мець уплыў на пах мачы.

Нарэшце прыйшоў час на практычную праверку. Перад кожным сабакам паклалі сем узораў мачы, зь ліку якіх толькі адзін паходзіў ад хворага чалавека. Сабака павінен быў праінфармаваць свайго апекуна, кладучыся перад канкрэтным ўзорам. Выпрабаваньне праводзілася дзевяць разоў, кожны раз зь іншымі ўзорамі мачы.

Аказалася, што сабакі вынюхалі рак пухіра ў 41-м працэнце выпадкаў. “Гэта добры вынік, паколькі шанец выпадкова трапіць на адпаведны ўзор мачы хворага чалавека складаў ад 1 да 7, гэта значыць – 14%”, пракамэнтавала вынікі дасьледаваньня доктар Кэралін Уіліс. Апрача таго, варта памятаць, што гэта сярэдні вынік 6 розных сабак. Два найлепшыя сабакі, кокер-спаніэлі, дасягнулі выніку 56%. Найгоршы вынік атрымаўся ў мяшанца-дварняка “Тодзі”, які трапляў на адпаведны ўзор мачы не часьцей, як на мяжы выпадковасьці – 14%. Усе сабакі беспамылкова распазналі хворага ў прасунутай стадыі злаякаснага раку, затое праігнаравалі пах мачы здаровых людзей і тых, у каго былі меней небясьпечныя хваробы.

Цяпер брытанскія вучоныя правяраюць, якія канкрэтна субстанцыі сабакі распазнаюць нюхам, каб на гэтай падставе стварыць абсталяваньне, якое ў лябараторных умовах дазваляла б выявіць рак.
XS
SM
MD
LG