Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніга 75-гадовай пінчанкі – унёсак у традыцыю беларускай польскамоўнай літаратуры


Валер Каліноўскі, Менск У Варшаве ў прэстыжным выдавецтве “Swiat Literacki” выйшла кніга пісьменьніцы Ніны Лушчык-Ільенковай “Pinsk, Electrownia. Mam 10 lat” (“Пінск, электрастанцыя. Мне 10 год”.) Кніга аб даваенным і пасьляваенным Пінску й пінчуках выйшла на польскай мове, але крытыкі яе адносяць да беларускай літаратуры, да польскамоўнай яе часткі, запачаткаванай Уладыславам Сыракомлям і Сяргеем Пясэцкім. Гэта – першая кніга пісьменьніцы. І апошняя. Яна памерла ў жніўні, не патрымаўшы надрукаваную кнігу ў руках.

Польскае выдавецтва “Swiat Literacki” спэцыялізуецца на перакладах, але там сапраўды былі кранутыя незвычайным стылем, арыгінальнасьцю вобразаў у кнізе пісьменьніцы-аматаркі Ніны Лушчык-Ільенковай, што ўзялі яе рукапіс. Пазытыўна ацаніў літаратурныя пробы пінскай пэнсіянэркі і Чэслаў Мілаш.

Дзьве сусьветныя вайны, некалькі акупацыяў, пэрыяд мірнага, але цяжкага жыцьця Пінска адлюстраваны пісьменьніцай ў лёсах блізкіх альбо знаёмых ёй людзей. Бацькі, суседзі, рабочыя-чыгуначнікі, пінскія гандляры-габрэі, мясцовыя дзівакі, школьныя сябры… Перад чытачом паўстае цэлы сьвет, яркі і шматаблічны, але ўжо страчаны назаўсёды. Пісьменьніца калісьці казала, што ёй не хапала расейскіх або беларускіх словаў, каб апісаць свой сьвет, свае клопаты й перажываньні ў ім, таму яна і вырашыла пісаць на мове, на якой пачынала вучобу – на польскай.

Дзіўная, аднак, гэтая пальшчызна, перамешаная рускімі й беларускімі словамі, паляшуцкімі дыялектнымі выразамі. Дзіўная, але натуральная для чалавека памежжа. Рэдактарка кнігі спадарыні Лушчык-Ільенковай Анна Энгелькінг адносіць яе твор да набыткаў беларускай літаратуры:

(Энгелькінг:) “У мяне няма сумневу, што гэта беларуская, а ня польская літаратура. Гэта літаратура, якая зьявілася ў Беларусі, датычыць Беларусі, і яе аўтарка – беларуска. Мова тут – толькі інструмэнт, якім яна карыстаецца… Тыя людзі, якія змаглі гэтую кніжку прачытаць, застаюцца пад уражаньнем спэцыфічнасьці, незвычайнасьці. З польскага пункту гледжаньня – гэта вельмі сьвежая, новая, нетыповая рэч, якая не зьмяшчаецца ў ніякія ўжо існуючыя шуфлядкі”.

Рэдактар Анна Энгелькінг зьмяшчае прозу Ільенковай на памежжы дакумэнталістыкі й літаратуры. Досыць наіўна і аўтэнтычна пінская пэнсіянэрка піша пра канкрэтных людзей, якія былі. Гэтага, паводле аўтаркі, дастаткова, каб захаваць памяць пра іх. У адным з апавяданьняў яна піша ад імя героя: “Памятайце, дзеці, малыя і вялікія, памятайце заўсёды, яны былі”, – гэта нібыта лёзунг яе творчасьці.

Ніна Лушчык-Ільенкова не дачакала дня, калі магла б узяць у рукі сваю кнігу, не закончыла яна й дзьве аповесьці аб палескіх вёсках. Яна памерла, але ў архіве застаўся яе голас.

(Гучыць архіўны голас. Пісьменьніца чытае пачатак свайго апавяданьня “Рыўка” пра пінскую габрэйку Рыўку, уладальніцу маленькай лаўкі на пару крокаў ад вітрыны да паліцы і шуфляды, у якой мала златовак, затое шмат дробных грошай – цэлыя пушкі ад зьедзеных кімсьці цукерак.)

Сын Ніны Лушчык-Ільенковай, пінскі журналіст Вячаслаў Ільенкоў, кажа, што ў Пінску яшчэ ня ведаюць ягоную маці як пісьменьніцу.

(Ільенкоў: ) “Яна пакінула помнік той цяжкай эпосе, якая закранула яе жыцьцё ў сярэдзіне 20 стагодзьдзя. Яна пісала, як звычайны чалавек жыў у гэтым асяродзьдзі, як і з кім ён кантактаваў, якія былі канфлікты. Адгалоскі той эпохі пераносяцца ў лёсы цяперашніх людзей і сем’яў, і ў сьвет цяперашні”.

Вячаслаў Ільенкоў кажа, што ягоная маці пайшла з жыцьця, не пакінуўшы пасьля сабе даўгоў – перад продкамі й дзецьмі, родным горадам і краем.

Варшаўская прэзэнтацыя кнігі Ніны Лушчык-Ільенковай “Pinsk, Electrownia. Mam 10 lat” адбудзецца 27 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG