Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Запаленьне хітрасьці” альбо школьны стрэс?


Сьвятлана Курс, Менск Толькі каля 10% беларускіх дзяцей заканчваюць школу практычна здаровымі – такую выснову робяць беларускія мэдыкі. Асноўныя захворваньні датычаць касьцяка, зроку, дыхальнай, нэрвовай і стрававальнай сыстэмаў. Спэцыялісты цьвердзяць, што адна з важкіх прычынаў заняпаду дзіцячага здароўя – гэтак званы школьны стрэс. Наколькі стрэсагеннай ёсьць беларуская базавая адукацыя?

(Дзіця: ) “Хакуна Матата, ха-ха! Дык будзь свабодны Ад вушэй да хваста! Набіў жывоцік – Ў галаве пустата! Зьлёгку закусіў, І поўны сіл! Хакуна матата – Знай свае правы”.

Гэты хлопчык нядаўна пайшоў у нулёўку. Пакуль ён жыве паводле філязофіі беспраблемнасьці – “hakuna matata”. Ягоныя ўрокі доўжацца па 10-15 хвілінак. Там вучаць пяяць, пазнаваць літары й маляваць. А вось 12-гадовы Міхась ужо хапіў навукі з каптуром.

(Міхаська: ) “Цяпер мне вельмі цяжка вучыцца, бо вельмі дурны ў мяне расклад заняткаў: 7 урокаў, пачынаюцца а 8-й, заканчваюцца а 15-й, а ў суботу – 5 урокаў”.

(Карэспандэнтка: ) “А калі табе надакучвае сядзець на ўроках, чым ты бавісься?”

(Міхась: ) “Танкі малюю, з суседкай размаўляю”.

(Карэспандэнтка: ) “Скрыпка, фартэпіяна, дзьве мовы, яшчэ й матэматыкі-фізыкі даймаюць… Не стамляесься?”

(Міхась: ) “Натуральна, стамляюся. Але ў мяне бываюць кароткія перапынкі паміж школьнымі ўрокамі й урокамі дома і я гуляю з чарапашкаю Чупай”.

Паводле дасьледаваньняў навукоўцаў розных краінаў, ад 30 да 60% дзяцей не спраўляюцца са школьным стрэсам. Сутнасьць гэтага стану: на працягу рабочага тыдня дзіцёнак лянівы, слабы й стварае ўражаньне хворага. А ў нядзелю ён робіцца здаровы й жвавы. Бацькі лічаць, што гэта “запаленьне хітрасьці”. Насамрэч, гэта і ёсьць першай праявай школьнага стрэсу. Дзіця сустракаецца з выпрабаваньнямі, якія перавышаюць яго здольнасьці й сілы. Школьны фальклёр апісвае не “хакуну-матату”, а варожае атачэньне:

“Маці зь дзіцёнкам урокі вучыла, “Ну і тупіца”, – яна гаварыла. Доўга мяшала супчык мамуля: Сашыны мозгі кіпелі ў каструлі”.

Гэтую “чарнушку” я знайшла на адным школьным сайце. У школе дзяцей даймаюць урокамі настаўніцы, а дома – мацяркі. Гаворыць дырэктар Менскага гарадзкога цэнтру сацыяльнай дапамогі сям’і Андрэй Туравец:

(Туравец: ) “Ёсьць паасобныя сем’і, дзе бацька бярэ на сябе функцыю дапамогі дзіцяці. Але ў вялізнай колькасьці беларускіх сем’яў гэтая функцыя ўкладаецца на маці, а бацька толькі зрэдку выконвае свае бацькоўскія функцыі”.

Мацяркі часта абражаюць дзяцей падчас падрыхтоўкі ўрокаў. А 6-8 вечара з адчыненых фортак гарадзкіх дамоў можна чуць крыкі мацярок: “тупіца”, “ідыёт”.

(Маці: ) “Не вытрымліваю! Стукнула яе кніжкай па галаве, што яна такая тупая й нічога не разумее. Пасьля гэтага супакоілася й стала адносіцца да гэтага інакш”.

Зноў слова спэцыялісту.

(Туравец: ) “Калі дзіцёнак пасьля перанесенага ў школе стрэсу трапляе ў добрыя сямейныя абставіны, стрэс вырашаецца сам сабою і дзіця з новымі сіламі ідзе ў школу. Калі дома ён не атрымае дапамогі і падтрымкі, ён ня хоча ісьці ў школу. Бо школа першапачаткова нацэленая на тое, каб дзіця знаходзілася ў стане стрэсу. Дзіця павіннае ў школе дасягаць, вывучаць, працаваць. Важна не ўпусьціць моманту, калі стрэс пераходзіць у нэўроз, і зьвярнуцца да спэцыяліста. Вельмі цяжка бывае справіцца з запушчанай праблемай, і яна на доўгія гады атручвае жыцьцё дзіцяці, сям’і і школы”.

Крыніцамі школьнага стрэсу зьяўляюцца рост інфармацыйнай плыні, цяжкасьці ў дачыненьнях, казармавая дысцыпліна некаторых школаў. Да канца першай клясы колькасьць пастаянна ўзбуджаных дзяцей павялічваецца амаль удвая.

8-гадовая Кацярынка ня любіць рана ўставаць.

(Кацярынка: ) “Мне ўсё падабаецца, апрача школы. Рана ўставаць трэба. Не люблю рускае мовы, матэматыкі, танец не люблю, а люблю ангельскую, фізкультуру, маляваньне”.

Дзіцячы арганізм прачынаецца разам з сонцам. Але школьнікі мусяць уставаць зацемна, кідаць сьняданак у сонны страўнік і брысьці па халодных вуліцах у асьветленую электрычнасьцю клясу. Там у іх спытаюць хатнія заданьні.

Гаворыць псыхоляг Павал Урбановіч:

(Урбановіч: ) “Трэба надаваць дзіцяці больш увагі. Хай прыйдзе са школы й пасьпіць. Шкада, што бацькі ў гэты час на працы, і дзіця на прадлёнцы ці яшчэ дзе”.

“Паветра ў клясе насычанае дыханьнем дзесяткаў людзей. “Школьная поза”, у якой школьнік праводзіць прыкладна 10 тыс. гадзінаў, парушае працу крыві- й лімфазвароту, дыханьня, страваваньня. У прыродзе людзі не сядзяць па шмат гадзінаў за сталом, склаўшы ручкі”. Я зацытавала высновы Санкт-Пецярбургскіх школьных псыхолягаў.

Вось як мянчанка Наста кампэнсуе школьныя нагрузкі 9-гадовай дачкі:

(Наста: ) “Наконт стрэсу – верагодна, ён бы ў нас быў. Але мы сказалі сваёй 9-гадовай дачцэ: ніякіх дадатковых нагрузак у выглядзе скрыпкі, віялянчэлі, фартэп’яна або маляваньня. Мы кампэнсуем разумовыя нагрузкі басэйнам і спортам. Гэта мой рэцэпт усім маці, якія хочуць, каб дзіця ня мела скаліёзу, нэрвовых зрываў, саманезадаволенасьці, якая ўзьнікае зь перагрузак і немагчымасьці зрабіць усё”.

Каб атрымаць дзённую норму вітаміну Д, трэба, каб сонца 20 хвілінаў асьвятляла тварык. Навукова абгрунтаваная дзённая норма дзіцяці – пяць-шэсьць кілямэтраў беганьня й хады, трэба разоў 200 напружыць зьвязкі й дыяфрагму (то бок пакрычаць і павішчаць), падняць пад 100 кіляграмаў за дзень. У беларускай школе рухавасьць дзяцей абмяжоўваецца. На ўроках – дысцыпліна, на перапынку дзяжурныя сочаць, каб дзіця ня бегала, не крычала й не шумела.

(Урбановіч: ) “Ёсьць такая думка, што дзіця заўжды мусіць быць ціхім і лагодным. Тады разьвіваюцца стрэс, потым можа быць нэўроз і псыхасаматычныя хваробы – да прыкладу, псарыяз. Нельга такія эмоцыі пакідаць унутры”.

Школа – важная сыстэма трэніровак, якая фармуе людзей для антыэкалягічнага жыцьця ў сёньняшнім горадзе, для шматгадзіннай працы ў закрытым памяшканьні, да сыстэмы офіс – транспарт – дом. Аднак і вялікія нагрузкі можна разумна разьмеркаваць, лічыць Надзея, маці Міхаські.

(Надзея: ) “Сучаснае жыцьцё ставіць перад намі такія патрабаваньні, што да гэтага трэба рыхтавацца зь дзяцінства. Патрабаваньні ў школе сапраўды вельмі жорсткія. Мой сын (яму 12) вывучае дзьве мовы – ангельскую й нямецкую, практычна штодня. Я ведаю, што шмат хто зь дзяцей яшчэ займаецца з рэпэтытарам”.

(Карэспандэнтка: ) “Ён жа яшчэ займаецца музыкай?

(Надзея: ) “Скрыпкаю і фартэп’яна. Дзіця не павінна мець вольнага часу, бо яно пачынае дурэць. Самы лепшы адпачынак для дзіцяці – зьмена відаў дзейнасьці”.

Дзеці пакутуюць, бо ў школе яны завучваюць мноства абстрактных фактаў і апэруюць імі. Гэта працуе на нуду. Да старэйшых клясаў многія перастаюць рыхтаваць хатнія заданьні.

(Урбановіч: ) “Я прыходзіў і сьпісваў, бо альгарытмы для мяне – нешта немагчымае і непатрэбнае. Добра, што я тады сам здолеў з гэтым справіцца. А вось у маёй школе былі прыклады, калі дзеці з-за троек канчалі жыцьцё самагубствам. Відаць, такія выпадкі можа прыгадаць кожны. Занадта шмат даюць дзецям”.

Калі малых беларусаў вучаць, што такое мікраараганізмы і дзесяцічныя дробы, ангельскіх дзяцей вучаць выказваць думкі, адстойваць правы, слушна дачыняцца зь іншымі людзьмі, застаючыся самім сабой.

Часта можна сустрэць меркаваньне, што заходнія сыстэмы адукацыі зашмат часу надаюць бэйсболу, футболу ды іншым спартовым гульням. Вядомы афарызм гаворыць: яны гадуюць здаровых дурняў, а мы – адукаваных інвалідаў. Аднак калі яны такія дурныя, то чаму яны такія заможныя?

Ёсьць веды неабходныя: гэта навыкі па захаваньню здароўя і жыцьця, па кіраваньню целам, сьвядомасьцю, эмоцыямі, інфармацыяй і людзьмі. Астатнюю інфармацыю чалавек знойдзе сам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG