Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ульрых Брандэнбург у Менску: “Як сябра АБСЭ Беларусь ацэньваецца міжнароднай супольнасьцю паводле тых жа крытэраў, што і іншыя эўрапейскія краіны”


Ул. інф. Так лічыць намесьнік дырэктара Палітычнага дэпартамэнту Фэдэральнага міністэрства замежных справаў Нямеччыны Ульрых Брандэнбург, які з 2 па 4 кастрычніка знаходзіўся зь візытам у Беларусі.

Ульрых Брандэнбург належыць да тых высокіх чыноўнікаў нямецкага ўраду, якія непасрэдна адказваюць за пытаньні замежнай палітыкі ФРН, у тым ліку і нямецка-беларускія дачыненьні. У часе размовы зь беларускімі журналістамі спадар Брандэнбург паведаміў, што Беларусь вельмі часта стаіць на парадку дня нямецкага МЗС і не заўсёды ў зьвязку з добрымі навінамі. Гэта вельмі складаныя пытаньні, якія тычаць лёсу самой краіны й яе дачыненьняў з суседзямі й якія патрабуюць грунтоўных кансультацыяў.

(Брандэнбург: ) “Мы вельмі ўважліва назіраем за плянаванымі ў Беларусі выбарамі й рэфэрэндумам. Я прыбыў сюды ў вельмі важны час для Беларусі. Ад гэтых падзеяў будуць ісьці вельмі важныя сыгналы што да разьвіцьця далейшых стасункаў з гэтай краінай”.

Паводле спадара Брандэнбурга, Эўразьвяз ня хоча, каб у Эўропе ўзьнікла новая лінія падзелу, у тым ліку ў пытаньні выкананьня дэмакратычных стандартаў.

(Брандэнбург: ) “Пасьля абвяшчэньня сваёй незалежнасьці Беларусь далучылася да Арганізацыі супрацоўніцтва й бясьпекі ў Эўропе. Я таксама лічу, што Беларусь зацікаўленая ў сяброўстве Рады Эўропы. Іншымі словамі, Беларусь мусіць ацэньвацца на аснове тых жа крытэраў, што й іншыя краіны Эўропы. У гэтым зьвязку мы зь вялікай увагай і вялікай заклапочанасьцю прачыталі даклад Пургурыдэса пра зьніклых асобаў у Беларусі. Тыя захады, якія прыняў Эўразьвяз, ёсьць нашай рэакцыяй на гэтую сытуацыю”.

Паводле спадара Брандэнбурга, рашэньне Эўразьвязу адносна візавай адмовы некаторым адказным беларускім чыноўнікамі прымалася з усёй адказнасьцю, нялёгка й нялёгкадумна.

У некаторыя моманты Беларусь выклікала ў спадара Брандэбурга, паводле ягоных словаў, асацыяцыі з СССР, у якім ён працаваў на працягу чатырох гадоў. Параўнаньні ўзьнікалі пры знаёмстве са стэнаграмай выступу беларускага прэзыдэнта на паседжаньні Рады бясьпекі.

(Брандэнбург: ) “Ну што я магу сказаць? Я жыў у СССР. Мы, канечне, слухалі гэта ўсё зь вялікай ўвагай і зь вялікай трывогай, бо беларускі прэзыдэнт дакладна вылучыў нашую краіну. Я не хачу даваць ніякіх камэнтароў цяпер. Я проста хачу сказаць, што з таго часу да нас у МЗС паступіла вялікая колькасьць пытаньняў нашых грамадзянаў, якія зьбіраюцца ехаць у Беларусь… Я магу сказаць пра рэакцыю з боку тых, хто мае цесныя дачыненьні зь Беларусьсю. Уражаньне, якое склалася ў часткі нямецкай грамадзкасьці: тут хочуць напалохаць немцаў і пагражаць ім”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG