Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страйк у Ваўкавыску скончыўся посьпехам – улады выканалі патрабаваньне кіроўцаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня напрыканцы дня скончыўся страйк кіроўцаў таксовак у Ваўкавыску, які пачаўся ў чацьвер. Яны дамагліся свайго патрабаваньня — улады разблякавалі банкаўскі рахунак прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, якому належаць таксоўкі.

Улады заблякавалі рахунак Аўтуховіча, і ўсе грошы, якія паступалі на рахунак, забіралі ўлады. Гэта адбылося паводле рашэньня Вышэйшага гаспадарчага суду.

Мікалай Аўтуховіч зьяўляецца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, і сёньня ў яго шмат часу забіраюць сустрэчы з выбаршчыкамі. У самым канцы дня ён паведаміў наступнае:

(Аўтуховіч: ) “Мне сказалі, што нібыта дадзена каманда Саўчанкам. Але Саўчанкі тут, па-мойму, не было. Я яго ня бачыў, таму што я цяпер ежджу па прадпрыемствам і выступаю. Я ўвогуле ня бачыў хто там быў і што. Але Савельеў пад’яжджаў і сказаў: едзьце, працуйце, вам разблякавалі рахунак”.

Спадар Аўтуховіч сказаў, што пасьля гэтага ён тэлефанаваў у банк разы тры. Пакуль туды не прынесьлі паперу аб разблякаваньні рахунку, машыны ня рухаліся. А ўжо пасьля таго, як было атрымана пацьверджаньне, яны выехалі абслугоўваць пасажыраў.

***

Год таму сам Аўтуховіч і кіроўцы правялі масавую галадоўку. Тады быў арыштаваны рахунак прадпрымальніка і машыны, людзей пазбавілі працы. Падатковая інспэкцыя імкнулася спагнаць з прадпрымальніка вялікі штраф. Праз суд яму ўдалося дамагчыся справядлівасьці. Аднак цяпер Вышэйшы гаспадарчы суд зноў надаў правамоцнасьць ранейшаму судоваму рашэньню, якім была ўзаконеная пастанова абласной падатковай службы: спагнаць з Аўтуховіча 267 мільёнаў рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG