Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце імя П.М.Машэрава “прымусова-дабраахвотна” ствараюцца суполкі БРСМ


Браніслава Станкевіч, Віцебск Такія суполкі загадана стварыць у кожнай студэнцкай групе. Але асобныя студэнты й нават цэлыя студэнцкія групы дзённага аддзяленьня самай буйной ВНУ Віцебска вырашылі пратэставаць супраць прымусовага стварэньня суполак БРСМ – зьбіраць подпісы пад калектыўнымі адмовамі ўступаць у памянёную арганізацыю.

На сустрэчу са студэнтамі Віцебскага дзяржаўнага унівэрсытэту мяне запрасіла актывістка тамтэйшае філіі Згуртаваньня беларускіх студэнтаў Ганна Дашкевіч, якая й распавяла мне наступнае.

(Дашкевіч: ) “Пра тое, што ў нас загадана ствараць суполкі БРСМу, нам распавёў куратар. Сутнасьць справы такая: у кожнай студэнцкай групе трэба будзе абавязкова мець 7-8 сябраў БРСМу, і ў іхны лік абавязкова мусіць увайсьці стараста групы. Калі мы пачулі пра гэта, то пусьцілі па шэрагах аркуш паперы, каб кожны выказаў сваё меркаваньне на гэты конт. Аказалася, што большасьць супраць. Адна дзяўчына нават напісала, што пад страхам выключэньня з ВНУ ня ўступіць у гэтую арганізацыю”.

Гэты першы досьвед абагульненага калектыўнага меркаваньня студэнты вырашылі карыстаць і далей: яны зьбіраюць подпісы тых, хто супраць уступленьня ў БРСМ, каб адразу ж, як да іх дойдзе афіцыйнае распараджэньне, занесьці іх да ўнівэрсытэцкага начальства.

(Дашкевіч: ) “Тады мы возьмем гэтыя подпісы й пойдзем да дэкана або да іншага ўнівэрсытэцкага начальства, каб давесьці, што ўступленьне ў грамадзкую арганізацыю можа быць толькі добраахвотным. Пра гэта ёсьць адпаведны артыкул Канстытуцыі, так што нас ніхто ня можа прымусіць, і пакараць за тое, што ня хочам, таксама ня мае права”.

Дарэчы, наша размова з Ганнай Дашкевіч адбывалася якраз пасьля адмысловага сходу, дзе ўнівэрсытэцкае кіраўніцтва “арыентавала” студэнтаў на галасаваньне за кандыдатаў “ад улады” на будучых выбарах. І студэнты чакаюць, што якраз напярэдадні выбараў разгорнецца і асабліва актыўная кампанія па ўступленьні ў БРСМ. Бо сябры БРСМу, у сваю чаргу, мусяць праводзіць тлумачальныя гутаркі з усімі астатнімі – прынамсі, менавіта пра такую тактыку падрыхтоўкі моладзі да выбараў гаварыў кіраўнік гарадзкое арганізацыі БРСМу Аляксандар Мамаеў.

Цікава, зь якіх меркаваньняў шмат хто са студэнтаў так адмоўна ставіцца да ўступленьня ў БРСМ, што нават гатовы з-за гэтага сысьці з унівэрсытэту? Я запісала некалькі студэнцкіх выказваньняў ня гэты конт.

(Дзяўчына: ) “Я катэгарычна супраць уступленьня ў БРСМ, асабліва калі “агітуюць” такімі мэтадамі: з аднаго боку, нас прымушаюць, а з другога – проста купляюць. Нейкія зьніжкі, ільготныя паездкі – гэта ўсё ня тыя мэтады, якімі мусіць быць заахвочана ўступленьне ў нейкую арганізацыю. Арганізацыя мусіць завабіць сваёй праграмай! А я ня ведаю ніводнага чалавека, які, уступіўшы ў БРСМ, распавядаў бы, як там добра ды цікава. У мяне такіх знаёмых няма”.

(Хлопец: ) “Я якраз ёсьць стараста групы, і ўжо гатовы да таго, што на мяне будзе ціск. Але я таксама гатовы бараніць свае меркаваньні ды меркаваньні студэнтаў сваёй групы – у гэтым мы цалкам салідарныя. Нават калі мне давядзецца пайсьці з гэтае пасады.Ну, што яшчэ вам сказаць? БРСМ у нас не падтрымліваюць”.

(Дзяўчына: ) “БРСМ – гэта “ня наша” арганізацыя. Нічога добрага яна ня робіць, усё гэта хлусьня.У нашай групе няма ніводнага “бээрэсэмаўца”.Не ўламалі ніводнага! І ніхто не зьбіраецца туды ўступаць!”

Напрыканцы зазначу, што студэнты маюць цьвёрды намер трымацца сваіх перакананьняў і сваіх правоў, якія, у выпадку чаго, яны зьбіраюцца бараніць нават у абласной пракуратуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG