Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці абароненыя зьвесткі пра кліентаў апэратараў мабільнай сувязі?


Юры Сьвірко, Менск Былы дэпутат Вярхоўнага Савету СССР гамельчук Юры Варонежцаў спачатку ня быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, бо ягоныя выдаткі на мабільны тэлефон у 2003 годзе перавысілі ягоныя даходы. Кампанія “Velcom” падала такія зьвесткі ў акруговую выбарчую камісію. Ці мела яна на гэта права, абяцаючы ўсім сваім кліентам канфідэнцыйнасьць?

Юры Варонежцаў летась не працаваў, таму атрымаў даход усяго 3 тысячы 365 рублёў, што й задэкляраваў для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Ягоную дэклярацыю накіравалі для праверкі ў падатковую інспэкцыю.

(Варонежцаў: ) “Яны дасылалі запыты і ў камунальныя службы, але паўсюль плаціць мая жонка. Вось “Velcom” аказаўся адзінай фірмай, дзе на мяне зарэгістраваныя два тэлефонныя нумары. Дарэчы, жонка іх таксама аплачвала, таму што мяне практычна ўвесь 2003 год тут не было”.

Выбарчая камісія атрымала дакумэнт, што спадар Варонежцаў заплаціў 182 тысячы рублёў за мабільную сувязь, хаця гэта менш за агульную суму толькі гадавой абанэнцкай платы за два ягоныя тэлефоны. Між іншым, у кімсьці скрадзенай і разьмешчанай у Інтэрнэце базе нумароў “Velcom” сапраўды можна ўбачыць, што Юры Варонежцаў мае два нумары гэтай фірмы. За такое парушэньне канфідэнцыйнасьці сваіх кліентаў кампанія публічна прасіла прабачэньня, хаця й заўважыла, што паводле дамовы з абанэнтам ягоныя нумар і прозьвішча ня ёсьць сакрэтнымі зьвесткамі.

А ці ёсьць таямніцай выдаткі кліента на мабільны тэлефон? Наведаўшы адзін зь фірмовых цэнтраў “Velcom” у Менску, я пачуў, што кампанія цалкам гарантуе кліенту канфідэнцыйнасьць і “нават жонка ня зможа даведацца пра выдаткі мужа на мабільнік”. Але вось што сказала па тэлефоне 63-я апэратарка аддзелу абслугоўваньня кампаніі “Velcom”:

(Супрацоўніца “Velcom”: ) “У нас увогуле ўсе паслугі надаюцца толькі ўладальніку дамовы з пашпартам. Дзяржава ці падатковая інспэкцыя? Увогуле, калі міліцыя зьвернецца да нас — напрыклад, чалавек у вышуку, — то паводле запыту міліцыі мы працуем”.

А ці меў права “Velcom” раскрыць для падатковай інспэкцыі выдаткі свайго кліента Юрыя Варонежцава?

У Міністэрстве падаткаў і збораў заяўляюць, што на падставе 81-га артыкулу Падатковага кодэксу яны маюць права кантраляваць усё што захочуць, у тым ліку ў кандыдатаў у дэпутаты:

(Супрацоўніца МПЗ: ) “Яны ж дэклярацыі нам падаюць адпаведна з Выбарчым кодэксам, а мы дзеля праверкі вельмі вялікімі паўнамоцтвамі валодаем. Гэта Падатковы кодэкс, а яшчэ процьма, недзе 50, нарматыўных актаў. Мы якраз можам ладзіць праверку. А як мы ўдакладняем зьвесткі аб даходах і выдатках? З банкамі — там іншае пытаньне, а менавіта з апэратарамі — яны звычайныя юрыдычныя асобы, яны забавязаныя паводле 81-га артыкулу падаваць”.

Хаця ў 81-м артыкуле Падатковага кодэксу нічога не сказана пра выдаткі грамадзян, ён дае права падаткавікам атрымліваць ад “іншых забавязаных асобаў” таксама “іншую інфармацыю, якая тычыцца дзейнасьці й маёмасьці плацельшчыка”, а яшчэ — “прызначаць інвэнтарызацыю маёмасьці плацельшчыка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG