Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК зарэгістраваў Юрася Губарэвіча і яшчэ трох кандыдатаў зь Берасьцейшчыны


Валер Каліноўскі, Менск Цэнтрвыбаркам сёньня разгледзеў 15 скаргаў на нерэгістрацыю акруговамі камісіямі прадстаўнікоў Берасьцейшчыны, чатыры зь іх задаволеныя, разгляд адной адкладзены на суботу. Сярод іншых зарэгістраваны дэпутат Белаазёрскага гарсавету Юрась Губарэвіч.

На сёньняшнім паседжаньні ЦВК можна было ацаніць, як працуюць акруговыя выбарчыя камісіі, у якія ўлады не дапусьцілі апазыцыю. Сябрам ЦВК даводзілася канстатаваць няправільныя фармулёўкі, беспадстаўныя прыдзіркі, фактычныя памылкі акруговых камісіяў, якія імкнуліся не зарэгістраваць апазыцыйных кандыдатаў.

У адным выпадку ў кандыдата знайшлі 10 гадоў таму скасаваную судзімасьць, у іншым – дадатковую працу на чвэрць стаўкі, што прызнавалася акруговымі камісіямі прыхаванымі і непраўдзівымі зьвесткамі, і што было адменена ЦВК.

Найбольш зьдзіўленая ЦВК была працай Бярозаўскай акруговай камісіі, якая адмовіла ў рэгістрацыі дэпутату Белаазёрскага гарсавета сябру БНФ Юрасю Губарэвічу на той падставе, што ён падаў не адрас прапіскі, але адрас пражываньня, і што не ўказаў зямельны ўчастак, якім ён і не валодае на праве ўласнасьці.

Юрысты ЦВК давялі нікчэмнасьць такіх прыдзірак, а сябра ЦВК з правам дарадчага голасу Алена Скрыган выказала абурэньне антыгуманным стаўленьнем камісіі да Губарэвіча і ягоных родзічаў – каб высьветліць дзе ён жыве, апытвалі і ягоную жонку, і дваюрадную сястру, турбавалі шмат іншых людзей.

Акрамя Губарэвіча сёньня былі зарэгістраваныя кандыдатамі берасьцеец Андрэй Сумар, апазыцыйны камуніст Якаў Качалоўскі зь Берссьця, пінскі прадпрымальнік Валянцін Уласюк.

Справа баранавіцкага сябра ПКБ Уладзіміра Маісеенкі перанесеная на разгляд на суботу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG