Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 верасьня споўнілася б 80 гадоў клясыку беларускай дзіцячай літаратуры, тэатральнаму і грамадзкаму дзяячу Артуру Вольскаму


Ганна Соусь, Менск Успамінамі пра яго дзеляцца сябар паэт Рыгор Барадулін і ягоны сын Лявон Вольскі.

Два гады таму 5 верасьня ня стала Артура Вольскага. Усяго двух гадоў ён не дажыў да свайго 80-годзьдзя, але яшчэ вельмі доўга будуць жыць ягоныя творы — вершы, казкі, п’есы, казані, сцэнары для анімацыйных фільмаў, лібрэта для першай беларускай апэрэты для дзяцей “Сьцяпан — вялікі пан”. Гаворыць адзін з найбліжэйшых сяброў Артура Вольскага паэт Рыгор Барадулін:

(Барадулін: ) “Усюды, дзе ні працаваў Артур Вольскі, ён змагаўся за беларускае слова. Часопіс “Вясёлка”, Тэатар юнага гледача, выдавецтва “Юнацтва”. Гэта Артур Вольскі рупіўся пра стварэньне беларускамоўнай царквы эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў. Асобна трэба гаварыць пра яго дзіцячыя вершы, пра п’есы. Гэта Артур Вольскі ў 1950-х гадах узначальваў літаратурнае аб’яднаньне пры “Чырвонай зьмене”, дзе былі мы, Генадзь Бураўкін, Сымон Блатун, Васіль Зуёнак, Барыс Сачанка, Янка Сіпакоў, Міхась Стральцоў, Уладзімер Паўлаў ды іншыя. Некалі ён пісаў пад канец жыцьця: “А волі не бывае ўволю, яе дасхочу не бывае. Як каласок на мінным полі, яна паволі высьпявае”. За прагу волі Артур Вольскі ў лістападзе 1998 году быў зьбіты гэтак званымі хуліганамі, бо быў адным са стваральнікаў БНФ, браў самы чынны ўдзел у абароне Курапатаў”.

Працягваючы думку Рыгора Барадуліна, згадаю, што Артур Вольскі заўсёды браў удзел у мітынгах і шэсьцях за вольную Беларусь, у яго на пінжаку быў бел-чырвона-белы сьцяжок. Ягоныя кнігі для дзяцей яшчэ пры жыцьці сталі клясыкай беларускай літаратуры. Ён нёс беларускае слова дзецям. Працягвае сын Артура Вольскага вядомы музыкант Лявон Вольскі:

(Вольскі: ) “Ён быў вельмі сучасны. Яму было ўжо семдзесят, а ён з маладымі меў заўсёды зносіны і быў такі не рэтраграднага складу чалавек. Заўсёды мог знайсьці з моладзьдзю нейкае сумоўе. Ніколі не казаў, што ў наш час было так, а вось цяпер так кепска. Наадварот, ён шукаў нешта лепшае ў маладых людзях. У Беларускім Народным Фронце, чальцом якога ён быў, мне часта казалі, што вось гэтая яго рыса вельмі прываблівае. Такіх вольных поглядаў быў чалавек”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG