Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 верасьня 1918 году нарадзіўся мовазнаўца й пісьменьнік Фёдар Янкоўскі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 21 верасьня

21 верасьня ў Беларусі традыцыйна адзначаецца сьвята Раства Божае Маці. Нашыя продкі мелі для гэтага дня некалькі назваў – Малая Прачыстая або Спожка. А ўвогуле гэта – адно з галоўных хрысьціянскіх сьвятаў, якое ўзыходзіць да падзеяў далёкае гісторыі дваіх праведнікаў, мужа і жонка Якіма і Ганны, што пакутавалі безь дзяцей. У адказ на іхныя малітвы Бог паслаў ім дзяўчынку Марыю, якая некалі стане маці Хрыста. У сельскагаспадарчым календары ўчорашні дзень мае назву – Багач, што зьвязвалася з завяршэньнем уборкі ўраджаю. “Прыйшоў Багач – кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку”.

У ноч з 21 на 22 верасьня 1943 году быў забіты кіраўнік нямецкай акупацыйнай адміністрацыі Беларусі гаўляйтэр Вільгельм Кубэ. Ён загінуў ад выбуху міны, якую прычапіла да спружынаў ягонага ложка пакаёўка і падпольшчыца Алена Мазанік. Нямецкая паліцыя нібыта наперад ведала пра замах, але сама была ня супраць пазбавіцца Кубэ – “сілавікам” не падабаўся ягоны “лібэралізм”. Між тым у расплату за тэракт немцы схапілі 300 закладнікаў і зьбіраліся іх расстраляць, але за іх заступілася беларуская гарадзкая адміністрацыя.

21 верасьня 1903 году нарадзіўся Іосіф Бельскі, адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў мінулую вайну. Вуліца ягонага імя ёсьць у Менску, дзе ён і прыйшоў на сьвет у колішняй вёсцы, а цяпер – гарадзкім раёне Лошыцы.

21 верасьня 1918 году прыйшоў на сьвет Фёдар Янкоўскі, беларускі мовазнаўца й пісьменьнік. Асаблівая заслуга Янкоўскага дзеля захаваньня беларускае мовы за савецкім часам была ў выданьні дапаможнікаў у фанэтыцы. Дзякуючы ягоным кнігам студэнты, пісьменьнікі, дыктары радыё і тэлебачаньня мелі магчымасьць навучыцца гаварыць па-беларуску прыгожа і без памылак.

Таксама 21 верасьня ў розныя гады нарадзіліся флярэнтыйскі паэт і манах, заснавальнік Флярэнтыйскай рэспублікі Джыралама Саванарола, ангельскі пісьменьнік-фантаст Гербэрт Уэлс і беларуская кампазытарка Людміла Шлег. Яна прыйшла на сьвет у Баранавічах, атрымала музычную і мастацкую адукацыю, і піша ня толькі музыку, але й абразы, якія знаходзяцца ў цэрквах Беларусі, Польшчы і Нямеччыны.
XS
SM
MD
LG