Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская палітыка – колькі крокаў засталося да сьмеху?


Севярын Квяткоўскі, Менск Паводле аднаго вядомага грамадзкага дзеяча, на сёньняшні дзень палітычны пэрформанс у Беларусі – гэта самы моцны ўнёсак у сьпіс навінак, якія зьявіліся на постсавецкай прасторы. За апошнія дзесяць гадоў жанр палітычнага сьмеху, іроніі ды сарказму набыў адметны нацыянальны стыль. Журналісты, анархісты, маладафронтаўцы, “зубры”, мастакі й палітыкі правялі цэлую плойму акцыяў, пэрформансаў і хэпэнінгаў з адной мэтай – выказаць пратэст супраць існай улады. Наколькі плённая такая дзейнасьць? І чаму ў апошнія гады палітычнага сьмеху амаль не чуваць?

(гук элетрычкі)

(Карэспандэнт: ) “Электрычка Менск – Маладэчна, мы рухаемся ў кірунку станцыі “Зялёнае”.

(Клінаў: ) “Вялікі дзякуй усім, хто сабраўся на прэзэнтацыю часопісу “Партызан”. Трэці нумар пачынаецца праектам асэнсаваньня Менску як Гораду Сонца. Мяне завуць Артур Клінаў. Мы пачынаем нашую прэзэнтацыю тут, у вагоне, едзем да Зялёнага, у Зялёным высядаем на паляне й працягваем”.

(Карэспандэнт: ) “Артур Клінаў ладзіць прэзэнтацыю-пэрформанс з нагоды выхаду чарговага мастацкага альманаху “Партызан”. Дакладней, пэрформанс амаль адразу ператвараецца ў хэпэнінг, бо да шоў далучаецца выпадковы сьведка падзеі”.

(Спадар: ) “Менск, горад Менск, ён быў даўно, да-а... Але ты такую ярунду гародзіш”.

(гучны сьмех, воплескі)

Чаму электрычка й лясная паляна абраныя для прэзэнтацыі? Ідэя нарадзілася спантанна, як адказ на адмову дзяржаўных культурніцкіх установаў дазволіць арэнду заляў. Пакуль электрычка набірае хуткасьць, колькі словаў пра пэрформанс, хэпэнінг і акцыю, альбо – на ангельскі манер – экшн.

*** Жанр пэрформансу (performance) зьявіўся ў 1960-х гадох у заходніх краінах, але каранямі сягае старажытнасьці, бо ён блізкі да тэатру: празь мінімальны сцэнар і неабходнасьць як мінімум аднаго актора-выканаўца. Зрэшты, пэрформанс можа ператварыцца ў хэпэнінг (happening) – пры ўмове, што да дзеі далучацца выпадковыя гледачы. І, нарэшце, акцыя (action) – гэта тэатралізаваная дзея, якая мае канкрэтную мэту. У Беларусі пару дзясяткаў мастакоў прафэсійна працуюць з пэрформансам, але толькі некаторыя маюць на мэце не адно творчае самавыяўленьне, але й дэманстрацыю грамадзянскай пазыцыі. У Беларусі жанр пэрфэрмансу паўстаў дзякуючы Людміле Русавай і Ігару Кашкурэвічу ў 1980-х гадох. Сёньня найбольш вядомыя творцы, што спалучаюць мастацтва з грамадзянскай пазыцыяй, – Артур Клінаў і Алесь Пушкін.

Імя Пушкіна грымнула ў 1989 годзе, калі ён выйшаў у цэнтар Менску з чырвона-зялёным БССР-аўскім сьцягам, перакрэсьленым чорным крыжом. Алесь Пушкін быў першы, каго судзілі паводле крымінальнага артыкулу за пэрформанс. За вазок з гноем, які мастак перакуліў перад рэзыдэнцыяй прэзыдэнта ў 2001 годзе.

*** Каб зрабіць пэрформанс ці хэпэнінг, ня трэба быць прафэсійным мастаком, галоўнае быць актуальным.

(Халезін: ) “Гэта адно з самых эфэктыўных дзеяньняў, накіраваных на супраціў уладам”.

Гаворыць Мікалай Халезін, журналіст, сцэнарыст і актыўны стваральнік і ўдзельнік шэрагу грамадзкіх пэрформансаў. Адзін з самых вядомых – у 1997 годзе, калі журналісты пратэставалі супраць арышту сваіх калег Паўла Шарамета й Зьмітра Завадзкага. Тады журналісты апранулі на сябе турэмныя робы і пранесьлі ў руках імправізаваныя краты. А паэт і публіцыст Славамір Адамовіч на знак пратэсту супраць ціску на свабоду слова на вачох у публікі зашыў сабе рот.

(Халезін: ) “Яны не разьлічаныя на шырокі слой насельніцтва. Пэрформансы разьлічаныя на тую прагрэсіўную частку насельніцтва, якая пашырае інфармацыю”.

Сапраўды, пэрформансы падабаюцца ня ўсім выпадковым гледачам. Вернемся да пэрформансу-прэзэнтацыі Артура Клінава.

(Спадар: ) “Ён жа мне мазгі турбуе, разумееце. Я ж стары чалавек, еду адпачываць, а ён мне ў вуха ўставіў трубку”.

У 1980-х гадох у Польшчы вялікі розгалас мела дзейнасьць руху пад назвай “Alternatywa Pomarańczowa” (“Аранжавая альтэрнатыва”). Напрыклад, у часе кастрычніцкай дэманстрацыі зьяўляліся некалькі дзясяткаў людзей, апранутых ува ўсё чырвонае: яны скакалі, сьвісталі, дарылі прысутным чырвоныя балёнікі. Усе разумелі, што бачаць іронію й сарказм адносна камуністычнай ідэалёгіі, але міліцыя ня мела падставаў для арышту. Інфармацыя пра такі экшн пашыралася з вуснаў у вусны па ўсёй Польшчы за пару дзён.

*** Ідэйнымі пераемнікамі польскай “Аранжавай альтэрнатывы” ў сучаснай Беларусі сталі анархісты. У 1997 годзе ў Менску яны выйшлі на кастрычніцкую дэманстрацыю пад лёзунгам “Далоў самадзяржаўе”. Сьледам быў шэраг бліскучых акцыяў-пэрформансаў. Але апошнія гады пра анарха-шоў у Беларусі амаль не чуваць. Вось тлумачэньне аднаго з анархістаў, Паўлюка Канавальчыка, які сумняецца ў актуальнасьці перадачы інфармацыі з вуснаў у вусны:

(Канавальчык: ) “Шмат хто кажа, маўляў, што ж вы, анархісты, ня робіце пэрформансаў, бо раней былі самыя актыўныя ў гэтым. Нястача ці неіснаваньне незалежнай прэсы зводзяць да нуля ўсе гэтыя акцыі, хэпэнінгі, пэрформансы. Бо людзі пра іх не даведваюцца. Трэба шукаць іншых формаў, іншых сродкаў узьдзеяньня на грамадзтва”.

Паўлюк Канавальчык тлумачыць, што ва ўмовах Савецкай Польшчы людзі жылі ў інфармацыйным вакууме, таму інфармацыя з вуснаў у вусны шырылася хутчэй, чым сёньня праз інтэрнэт. У 1990-х гадох у Беларусі не бракавала СМІ, якія маглі апавесьці пра альтэрнатыўныя акцыі. Сёньня ў краіне склалася парадаксальная сытуацыя, калі, з аднога боку, насельніцтва перанасычанае інфармацыіяй празь беларускія дзяржаўныя й расейскія тэлеканалы, а з другога боку, незалежнай прэсы амаль няма.

(Халезін: ) “Пэрформанс – гэта тое, што адлюстравалася ў СМІ. Калі не адлюстравалася, яго амаль не было”.

Вось і адказ на пытаньне, чаму няма грамадзка-палітычных пэрформансаў – ідзе пошук новых формаў.

(гукі электрычкі, што спыняецца)

Тым часам электрычка Менск-Маладэчна набліжаецца да станцыі “Зялёнае”. Тут ладзіцца пэрформанс-прэзэнтацыя выданьня Артура Клімава пад назвай “Партызан”.

(Карэспандэнт: ) “Ці часта Вы езьдзіце ў электрычках? Вы бачылі нешта падобнае?”

(Спадарыня: ) “Ежджу часта, кожныя выходныя. Такога ня бачыла, вельмі цікава, хутка час бяжыць”.

(Клінаў: ) “Мы высядаем. Запрашаем усіх ахвотных далучыцца да нас”.

Пэрформанс-хэпэнінг-акцыя Артура Клінава ўдалася. Да ўдзельнікаў далучылася група моладзі, прысутныя ў вагоне пасажыры абавязкова раскажуць сваім знаёмым пра ўбачанае, а СМІ паведамілі ўжо пра незвычайную падзею – прэзэнтацыю ў электрычцы й на лясной паляне. “Партызан” апраўдаў сваю назву. Сысьці ў лес – няўжо гэта адзіны спосаб, каб зрабіць розгалас у краіне Беларусь?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG