Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі – беларусы Амэрыкі з 1952 да 2004 году


Ганна Сурмач, Прага Новая перадача сэрыі “Беларускае Замежжа”. Удзельнічаюць Пятро Мурзёнак (Канада), Надзея Дробіна (Канада), Вольга Іпатава (Беларусь), Янка Запруднік (ЗША), Вітаўт Кіпель (ЗША), Сяргей Трыгубовіч (ЗША).

Канец лета і пачатак сёлетняй восені сталіся адметным ў жыцьці беларускай дыяспары. 28-29 жніўня ў Празе адбылася Першая сустрэча беларусаў Эўропы, дзе прадстаўнікі 14 краінаў эўрапейскага кантынэнту стварылі новае грамадзкае аб’яднаньне – Дэмакратычны форум беларусаў Эўропы.

Праз тыдзень 4-5 верасьня ў Бэльгіі прайшоў зьезд беларускай палітычнай эміграцыі.

У гэтыя ж дні ў Таронта зьбіраліся беларусы Паўночнай Амэрыкі на сваю ўжо 26-ю сустрэчу. Размову з арганізатарамі і ўдзельнікамі гэтага старэйшага на эміграцыі прадстаўнічага форуму слухайце у чарговым выпуску перадачы “Беларускае замежжа”.

***

Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі адбываюцца раз у два гады, па чарзе – у Амэрыцы і ў Канадзе. Упершыню беларусы Паўночнай Амэрыкі сабраліся 5-6 ліпеня 1952 году ў адным з найпрыгажэйшых мейсцаў Канады, на беразе Ніягары, дзе прырода стварыла ўнікальную зьяву – знакаміты Ніягарскі вадаспад. Тады і была запачаткаваная добрая традыцыя.

Першая сустрэча была прысьвечаная Янку Купалу.

Сёлетнюю 26-ю сустрэчу рыхтавалі беларусы Канады, якія два гады таму перанялі эстафэту ад беларусаў Нью-Джэрсі. Тэма сустрэчы – “Праблемы зьберажэньня культурных набыткаў, мовы і гістарычных каштоўнасьцяў Беларусі”.

Чаму менавіта такая тэма была абраная? Гэтае пытаньне я задаю старшыні Згуртаванья беларусаў Канады спадару Пятру Мурзёнку.

(Мурзёнак: ) “Гэта тэма вельмі актуальная ня толькі для людзей, якія жывуць у замежжы, але і ў Беларусі. Непавага да мовы, якая існуе на Бацькаўшчыне, вельмі небясьпечная і можа прывесьці ў выніку да зьнішчэньня нацыі. Мы ж кусочак нашай Радзімы, і ўсе тыя праблемы, якія існуюць ў Беларусі, яны таксама ёсьць і тут. Людзі, асабліва з новай хвалі эміграцыі, маюць тыя ж праблемы з моваю, 90 адсоткаў зь іх не размаўляюць на беларускай мове. На гэтай сустрэчы мы абмяркоўвалі сытуацыю як ў Беларусі, так і сытуацыю ў эміграцыі, як палепшыць валоданьне мовай, як інфармаваць людзей пра гісторыю, культуру, як зьберагчы сваю ідэнтычнасьць, самасьвядомасьць беларусаў ў Амэрыцы, гэта вельмі складаная справа. Ёсьць розныя шляхі для яе вырашэньня, вось пра гэта мы і гаварылі”.

Пятро Мурзёнак быў вядучым аднаго з трох круглых сталоў, якія працавалі у першы дзень форуму. На другі дзень адбыўся ўрачысты сход, удзельнікі якога праслухалі даклады па тэме сустрэчы, а вечарам гасьцей чакала канцэртная праграма. У панядзелак адбылася вандроўка да Беларускага памятнага Крыжа ў Мідландзе.

(Сурмач: ) “Спадар Пятро, як Вы ўвогуле ацэньваеце сёлетнюю сустрэчу, ці усё ўдалося арганізаваць?”

(Мурзёнак: ) “Сустрэча была добра арганізаваная, выйшлі нават на мэра горада Таронта, які прыслаў сваё прывітаньне. Быў таксама дэпутат ад акругі, дзе знаходзіцца наш Беларускі рэлігійна-культурны цэнтар у Таронта”.

(Сурмач: ) “Спадар Пятро, ці вырашана ўжо, дзе будзе наступная сустрэча?”

(Мурзёнак: ) “Наступная сустрэча будзе праз два гады ў Амэрыцы, магчыма, у Чыкага. Традыцыя гэтая будзе працягвацца таму, што ёсьць сілы, каб яе падтрымліваць”.

Госьцем з Бацькаўшчыны сёлета была пісьменьніца Вольга Іпатава.

(Сурмач: ) “Спадарыня Вольга, ці Вы ўпершыню бярэце ўдзел у такой сустрэчы?”

(Іпатава: ) “Я ўпершыню на такой сустрэчы і павінна сказаць, што нагрузка на мяне тут даволі вялікая. Я вяла круглы стол, тэма была "Беларуская культура ў СССР – савецкая ці нацыянальная?". Ён быў вельмі актыўны, бурны і доўжыўся каля трох гадзін, было шмат спрэчак.

Мы прынялі адмысловую рэзалюцыю, у ёй ёсьць зварот да ўладаў Беларусі з патрабаваньнем спыніць саветызацыю сёньняшняга грамадзтва і шэраг іншых прапановаў. Напрыклад, шмат гаварылася пра тое, што прычына сёньняшняга стану нашага грамадзтва – недахоп гістарычных ведаў і патрэбна поўнамаштабная, грунтоўная праграма гістарычнай адукацыі народу.

Я таксама выступала з дакладам – "Гістарычныя шляхі нацыі ў часе і прасторы". Я зьвяртала свой даклад, у асноўным, да маладой эміграцыі, маладыя эмігранты дрэнна ведаюць сваю гісторыю”.

(Сурмач: ) “Спадарыню Вольгу асабліва зацікавіла мастацкая выстава і ўсьцешыла сама атмасфэра сустрэчы”.

(Іпатава: ) “Сабраліся 12 мастакоў. Я назаву некалькіх, чые творы тут былі. Былі творы Івонкі Сурвілы, з маладзейшых – Галіна і Яна Клімавы, Ганна і Алесь Русецкія, Пётр Шварцман. Былі выдатныя карціны сьвятара з Чыкага Зьміцера Бажко – такі сынтэз царкоўнага і сьвецкага, высокага мастацкага ўзроўню. Потым Аляксей Гаўрыловіч, Надзя Шкуба, Ірына і Антось Верабей, Жэня Шаўчэнка.

Гэта паказвае духоўнае багацьце нашых беларусаў і тое, што яны сабраўшы ў адно свае сілы, могуць зрабіць вельмі многае. Гэтая сустрэча якраз тое і сьцьвердзіла. Гэта якраз тое самае, што трэба рабіць і на Бацькаўшчыне. Усё гэта дае натхненьне і імпэт, каб працаваць далей.

Мяне ўзрадаваў, можна сказаць, сагрэў маю душу той беларускі вольны дух, які лунаў тут у нашых адносінах, Беларусь была тут паўсюдна”.

(Сурмач: ) “Спадарыня Вольга, на сустрэчы ў Таронта было зачытана прывітаньне ад удзельнікаў Першай сустрэчы беларусаў Эўропы, якая адбылася за тыдзень да таго. Як была ўспрынятая навіна аб запачаткаваньні падобных рэгіянальных сустрэчаў у Эўропе і тое, што 29 жніўня ў Празе быў створаны Дэмакратычны форум беларусаў Эўропы?”

(Іпатава: ) “Мы ўсе былі вельмі ўзрадаваныя, чыталі віншаваньне. Безумоўна, мы усе радаваліся, што мы гуртуем усе сілы ў адно. На мой погляд, гэта проста выдатная ідэя, гэтая ідэя як бы лунала ў паветры і тыя, хто яе змог ажыцьцявіць, зрабілі добра. Тое, што робіцца ў эміграцыі, дасьць сілы і натхненьне тым, хто працуе на Бацькаўшчыне. Нам трэба разам яднаць свае сілы і працаваць разам”.

Руплівай гаспадыняй сустрэчы сталася Надзея Дробіна – яна ўзначальвала арганізацыйны камітэт і зьяўляецца таксама старшынёй Таронцкага аддзелу Згуртаваньня беларусаў Канады. Яна сама ўпершыню прымала ўдзел у такім сьвяце.

(Сурмач: ) “Спадарыня Надзея, ці плянавалі вы нешта адметнае ў праграме сустрэчы, або ўсё ж пайшлі традыцыйным шляхам?”

(Дробіна: ) “Я вельмі хацела нешта адметнае зрабіць, але, я думаю, што гэтая сустрэча атрымалася падобнай да папярэдніх. Адно, што можа быць адметным, гэта тое, што мы сабралі цікавых артыстаў у культурнай праграме. Уладзімер Гародкін – цымбаліст, ён тут вельмі папулярны, выступае па канадыйскаму тэлебачаньню, гітарыст Мікола Град, потым – былая салістка хору Цітовіча Сьвятлана Ліцьвінава, Алесь Севасьцьян – баяніст, які скончыў вучэльню імя Гнесіных у Маскве, ён толькі пазаўчора вярнуўся з Італіі, дзе быў на гастролях. Выступілі таксама Шалькевічы, пара выканаўцаў бальных танцаў, у іх дачка – чэмпіёнка ЗША па бальных танцах, а сын – чэмпіён Канады. Маем хор "Яваровы людзі", гэта фальклёрная група.У нас таксама створаны першы беларускі тэатар у Канадзе, мы паставілі спэктакль "Пісаравы імяніны".

(Сурмач: ) “Задаволены мастацкаю праграмаю і Сяргей Трыгубовіч, прадстаўнік новай эміграцыі”.

(Трыгубовіч: ) “Сустрэча даволі цікавая. Зрабілі такі прыгожы канцэрт, я на гэтым канцэрце ўбачыў – наколькі ў нас многа таленавітых людзей, шматжанравы канцэрт атрымаўся”.

У праграме была і нядзельная служба ў царкве сьв. Кірылы Тураўскага, якую адслужыў новы эпіскап Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Уладыка Васіль Касьцюк. Ён упершыню ў новым сане служыў у царкве, дзе шмат гадоў адпраўляў Божую службу ягоны папярэднік Уладыка Мікалай.

Першы раз там быў і а. Зьміцер Бажко, які служыць у беларускай царкве сьв. Юр’я ў Чыкага. Як згадвала Вольга Іпатава, ён браў удзел таксама і ў мастацкай выставе, як мастак-жывапісец.

(Бажко: ) “Першы раз я быў у гэтай царкве, сустрэўся тут з Уладыкам Васілём. Дарэчы, я ўпершыню прысутнічаў на набажэнстве, якое цалкам вялося на беларускай мове. У нашай царкве толькі чытаецца Сьвятое пісаньне і казаньне на беларускай мове...

Так, я прывёз свае творы на выставу, тут прадстаўлена шмат даволі прафэсійных мастакоў. Я прывёз восем карцінаў, усе яны зьвязаныя зь Беларусьсю, бо беларус іх маляваў”.

(Сурмач: ) “Айцец Зьміцер, выказана прапанова наступную Сустрэчу правесьці ў Чыкага, як Вы гэта ўспрынялі?”

(Бажко: ) “Я думаю, што мы здольныя гэта зрабіць. У Чыкага не было сустрэчы яшчэ ні разу. Я думаю, што мы здольныя гэта зрабіць, у нас дастаткова мейсца, сродкаў і людзей, якія могуць гэтым заняцца”.

(Сурмач: ) “Янка Запруднік зь Нью-Ёрку – сталы ўдзельнік сустрэчаў беларусаў Паўночнай Амэрыкі з 1958 году. Спадар Янка, чым Вам падалася адметнаю сёлетняя сустрэча?”

(Запруднік: ) “Мушу сказаць, што гэтая сустрэча – своеасаблівая. Яна адбываецца між дзьвюма хвалямі, якія паказваюць, як пераймаецца эстафэта пакаленьняў. Прапорцыя так званых "старых" і так званых "новых” – я б сказаў, што каля 25 адсоткаў "старых" і 75 адсоткаў "новых". Такім чынам пераемнасьць ёсьць.

Цікава тое, што новая хваля больш багатая талентамі. Першыя сустрэчы былі багатыя людзьмі пачуцьця, якія былі прасякнутыя імпэтам прадстаўляць Беларусь ў новым сьвеце, прасіць дапамогі ў заходніх дзяржаваў. Новая хваля багатая мастацкімі талентамі. Мастацкая праграма мяне ўразіла сваёй разнастайнасьцю, відаць, што творчы патэнцыял вельмі вялікі. Я думаю, што ў гэтым ёсьць цікавае абяцаньне на будучыню.

Прыгожыя такія, таленавітыя маладыя людзі. Рэпэртуар са сцэны вельмі добра прагучаў. На гітарах гралі два сынкі Сяржука Сокалава-Воюша і Ганны Бартуль. Сям''я Вітаўта Кіпеля прыехала ў трох пакаленьнях”.

(Сурмач: ) “Спадар Вітаўт, а якія Вашыя ўражаньні?”

(Кіпель: ) “Я лічу, што гэта пераходная сустрэча – эстафэта перадаецца новаму пакаленьню. Як і спадар Запруднік, я таксама ўдзельнічаю ў сустрэчах ад 1958 году. Цяпер ўсе арганізатары – новыя людзі і, бясспрэчна, што традыцыя будзе працягвацца. Такое вось уражаньне ад гэтай сустрэчы”.

Belarusians in USA
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG