Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускім войску распачалася кампанія ў падтрымку рэфэрэндуму


Алесь Дашчынскі, Менск Гэтая тэма была асноўнай на паседжаньні каардынацыйнай рады Афіцэрскіх сходаў узброеных сілаў. Апроч таго, з усімі катэгорыямі вайскоўцаў праводзяцца адмысловыя гутаркі.

На каардынацыйнай радзе Афіцэрскіх сходаў выступіў памочнік міністра абароны Аляксандар Гура. Паводле яго, менавіта афіцэрскі корпус павінен найбольш усьвядоміць важнасьць рэфэрэндуму, бо сытуацыя ў краіне стабільная, і ў гэтым, маўляў, асноўная заслуга прэзыдэнта.

Былы міністар абароны Павал Казлоўскі зьдзіўлены, што гэтая тэма абмяркоўвалася на каардынацыйнай радзе Афіцэрскіх сходаў, якія скарыстаны для правядзеньня прэзыдэнцкай палітыкі ў войску. Афіцэрскія сходы павінны разглядаць пытаньні службы ці быту.

(Казлоўскі: ) “Безумоўна, Мальцаў, які стаў міністрам абароны другі раз – ён абсалютна пакорны чалавек прэзыдэнту і гэтай уладзе, якая яго ў свой час зганьбіла і зноў прызвала ў войска. Ён стараецца выканаць задачу, якую ставіць кіраўніцтва дзяржавы. Наперадзе галоўная задача – гэта рэфэрэндум. Калі камандзіру паставяць задачу, што павінна там быць 75%, гэтыя працэнты будуць”.

Цяпер з усімі катэгорыямі вайскоўцаў праводзіцца так званае інфармаваньне, у часе якога пытаньне рэфэрэндуму выносіцца на першы плян параўнальна з выбарамі. Перад кіроўным саставам штабу ўзброеных сілаў выступіў сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік, абмяркоўваліся пытаньні ў справе падрыхтоўкі да выбараў і рэфэрэндуму. Пра што ж пыталіся вайскоўцы? Лазавік пажартаваў:

(Лазавік: ) “Іх хвалюе, калі заробак падвысяць, пайкавыя калі падвысяць”.

Паводле Лазавіка, выбарчыя ўчасткі на тэрыторыі вайсковых частак будуць адкрытыя, аднак у Цэнтарвыбаркаме няма лічбы: колькі гэтых участкаў там створана.

Непадалёк ад будынку Міністэрства абароны я апытаў вайскоўцаў. Якое іх стаўленьне да рэфэрэндуму?

(Жаўнер: ) “Падтрымліваю. Я задаволены сваім жыцьцём, мяне задавальняе прэзыдэнт і ягоная палітыка”.

(Жаўнер: ) “У прынцыпе, я рэфэрэндум не асуджаю, няхай будзе, калі ён так хоча”.

(Жаўнер: ) “Я супраць зьмены артыкулу Канстытуцыі. Мы можам дайсьці да лядашчых савецкіх правадыроў такім шляхам”.

(Карэспандэнт: ) “А вось якая сытуацыя, больш тых хто за рэфэрэндум альбо тых, хто супраць?”

(Жаўнер: ) “Мне здаецца, 50 на 50”.

(Карэспандэнт: ) “А калі чалавек супраць, ён недзе можа выказацца альбо агітаваць галасаваць супраць?”

(Жаўнер: ) “Армія і палітыка ў нейкай ступені адасобленыя, таму нейкая агітацыя ва ўзброеных сілах у гэтым пляне забароненая”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG