Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 верасьня 1920 году ў Менскy пачаў дзейнічаць Белаpyскi дзяpжаўны дpаматычны тэатаp


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 14 верасьня

14 верасьня праваслаўныя беларусы традыцыйна ўшаноўваюць Сымона Стоўпніка або Стаўбуна. Гэты дзень быў апошнім днём сяўбы азімых. “Сьвяты Сымон – сявец дамоў”, казалі ў народзе. Паводле павер’я, жыта, пасеянае на Сымона, ня будзе баяцца павалу, будзе трымацца “стаўбуном”.

14 верасьня ў 1806 годзе нарадзіўся беларускі музыка, вынаходнік ксыляфону Міхал Гузікаў. Ён прыйшоў на сьвет у Шклове. У 30-я гады дзевятнаццатага стагодзьдзя, калі па ўсёй краіне ішло антырасейскае паўстаньне за незалежнасьць Вялікага Княства Літоўскага, Гузікаў удасканаліў беларускі народны інструмэнт брусочкі, з чаго і атрымаўся сучасны ксыляфон. Далей пачынаюцца гастрольныя паездкі музыкі ў Аўстрыю, Нямеччыну, Бэльгію, Францыю. Гузікаў грае Вэбэра, Гумэля, Паганіні, а між іншым – і беларускія народныя песьні. Пра яго пішуць газэты і слоўнікі, у Вене выходзіць кніжка “Гузікаў і ягоны інструмэнт з дрэва і саломы”.

14 верасьня 1851 году памёр амэрыканскі пісьменьнік Джэймс Фэнімор Купэр, які лічыцца стваральнікам гісторыка-прыгодніцкага й “марскога” раману. У творах Купэра выказваецца рэзка нэгатыўнае стаўленьне да вынішчэньня карэнных жыхароў Амэрыкі – індзейцаў. Слава пісьменьніка пачалася з раману “Шпіён”, пасьля былі “Піянэр”, “Апошні з магіканаў”, “Сьледапыт”, “Зьверабой” ды іншыя творы, якія кожны ведае са школьных часоў. Аднак шмат хто і не здагадваецца, што нейкі час Купэр жыў у Эўропе і апісаў таксама эўрапейскае жыцьцё ды гісторыю. Напрыклад, раман “Брава” – пра мінуўшчыну Вэнэцыі, або “Грэйдэнмаўр” – пра нямецкую гісторыю.

14 верасьня 1884 году нарадзіўся Фабіян Абрантовіч, сам з Наваградка, адзін з заснавальнікаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. З 1918 году Абрантовіч быў рэктарам духоўнае сэмінарыі ў Менску, з 1926-га ён – у Друйскім кляштары айцоў марыянаў. У 1939 годзе патрапіў пад сталінскія рэпрэсіі, быў арыштаваны, высланы ў Расею, дзе і памёр.

14 верасьня 1920 году ў Менскy пачаў дзейнічаць Белаpyскi дзяpжаўны дpаматычны тэатаp. З 26-га году ён стане называцца БДТ-1, з 1944-га атрымае імя Янкі Купалы, у 55-м яго назавуць акадэмічным, а ў 92-м – нацыянальным. Што да самага пачатку, дык першым кіраўніком тэатру ў 1920-м годзе быў Фларыян Ждановіч.
XS
SM
MD
LG