Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Адамовіч – беларуская фэхтавальшчыца ў Амэрыцы


Ганна Сурмач, Прага Новая перадача сэрыі “Беларускае Замежжа”. Удзельнічае Тацяна Адамовіч (ЗША).

У 60-х гадох у Беларусі было добра вядома імя майстра спорту па фэхтаваньню Тацяны Барэйка. Але потым гэтае імя зьнікла са сьпісаў беларускіх спартоўцаў і мала каму было вядома, як склаўся яе далейшы лёс. Сёньня ў чарговым выпуску перадачы “Беларускае замежжа” Ганна Сурмач падрыхтавала для вас сустрэчу са спадарыняй Тацянай, якая носіць цяпер прозьвішча Адамовіч і жыве ў Нью-Ёрку.

Тацяна Адамовіч вядомая ў ЗША спартоўка, якая мае ўласную фэхтавальную школу і зьяўляецца паўнапраўным сябрам арганізацыі амэрыканскіх алімпійцаў. Спадарыня Тацяна была ўдзельніцаю Алімпійскіх гульняў у Мюнхене ў 1972 годзе.

(Адамовіч: ) “Я фэхтавала на Алімпіядзе ў Мюнхене за Амэрыку. Я была вельмі радая, што трапіла тады на Алімпійскія гульні. Спаткалася там з маімі сяброўкамі зь беларускай каманды, тады яны былі ў савецкай камандзе. Беларускае фэхтаваньне, школа Бокуна была такая знакамітая, што палову каманды складалі беларускія спартоўцы – Алена Бялова, Тацяна Самусенка, Людміла Русак, Ніканчыкава. Шмат сябровак зь беларускай каманды былі і на гэтых гульнях, на якіх я была”.

(Сурмач: ) “Спадарыня Тацяна, Вам тады давялося непасрэдна сустракацца зь беларускімі спартоўкамі на фэхтавальнай дарожцы?”

(Адамовіч: ) “Так, давялося на фэхтавальнай дарожцы з маімі сяброўкамі сустракацца. Алімпійская каманда Амэрыкі ў той час была ня вельмі моцная. Было прыемна сустракацца з нашымі, мы зналі, што яны мацнейшыя. Мы таксама стараліся выйграць – спорт ёсьць спорт, а сяброўства сяброўствам. Мы прайгралі гэтую сустрэчу, яны былі нашмат больш моцнымі. Я тады Самусенка прайграла і Гарохавай.

Я ўпершыню была тады на Алімпіядзе ад Амэрыкі. Але, да гэтага я была на першынстве сьвету і там таксама сустракалася з маімі каляжанкамі з клюбу "Дынама". Асабліва мне запомніўся бой з Аленай Бяловай, ранейшай сяброўкай маёй па камандзе. Яна ўжо была алімпійская чэмпіёнка. Гэта было ў Вене ў 1971 годзе на першынстве сьвету”.

(Сурмач: ) “Тацяна, Вы тады на цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды ўпершыню на Алімпійскіх гульнях ішлі ў шэрагах амэрыканскай зборнай, а Вам не хацелася далучыцца да сваіх беларускіх сябровак?”

(Адамовіч: ) “Так, гэта было цікавае адчуваньне. Тады ў Алімпійскай вёсцы жанчыны жылі ў асобным будынку і побач былі савецкія спартоўкі. Мы сябравалі зь імі, савецкія прыходзілі да нас, мяняліся вопраткаю, бо ім падабалася амэрыканская, а амэрыканкам падабаліся савецкія касьцюмы, шапкі”.

(Сурмач: ) “У той час савецкім спартоўцам дазваляліся такія кантакты з замежнікамі і ніхто ім не перашкаджаў, не было кантролю за імі?”

(Адамовіч: ) “Тады мы такога нічога не бачылі. Мы жылі ў асобным будынку і там немагчыма было кантраляваць, хто да каго ходзіць. Мы давалі савецкім спартоўкам свае пропускі, бо іх не выпускалі пагуляць, ці пакупкі зрабіць. Не дазвалялі выходзіць зусім, толькі сядалі ў аўтобус усе разам”.

(Сурмач: ) “Як яны пачувалі сябе, калі ўсе былі свабодныя, а яны не?”

(Адамовіч: ) “Яны гэта ўспрымалі нармальна, гэта было для іх не ўпершыню. Яны ведалі правілы, ім сказалі, што калі іх знойдуць недзе ў горадзе, ці што кантактуюць з замежнікамі, то больш яны нікуды не паедуць, альбо адразу іх вернуць дахаты. Так што яны былі прывычныя. Але, такія вядомыя спартоўцы, як Самусенка, Бялова, яны нікога не баяліся, яны ведалі, што ім нічога не зробяць.

Цікавы выпадак такі быў на першынстве сьвету ў Вене, калі Герман Бокун забараніў усім фэхтавальшчыкам са мною нават размаўляць. Тады я ўпершыню прыехала ў складзе амэрыканскай каманды на міжнародныя спаборніцтвы. Я так плакала.

Але ўсе мае сяброўкі, Ніканчыкава, Самусенка Таня, Русак Людміла яны мне сказалі пра гэта, але сказалі, што яны гэты загад выконваць не будуць, што ты была наша і будзеш наша сяброўка. Яны не пабаяліся”.

(Сурмач: ) “Тацяна стала непажаданай асобаю для спартовых чыноўнікаў ў Беларусі ў сувязі з тым, што выехала ў 1968 годзе на пастаяннае жыхарства ў ЗША. Гэта быў час, калі кожны эмігрант залічваўся да “здраднікаў радзімы”. Тацяна ўсяго толькі выйшла замуж за амэрыканца”.

(Адамовіч: ) “Я выйшла замуж за амэрыканца. Але мой муж – беларус, бацька яго з-пад Узды, прыехаў у Амэрыку да рэвалюцыі. Бацька прасіў, каб нехта з сыноў паехаў у Беларусь і пашукаў радню. Ён прыехаў, і мы пазнаёміліся выпадкова ў цырку. Потым мы 4 гады перапісваліся, ён прыехаў і мы ажаніліся”.

(Сурмач: ) “Вы былі ўжо вядомая спартоўка, як паставіліся да гэтага у камандзе?”

(Адамовіч: ) “Тады Герман Мацьвеевіч выклікаў мяне да сябе, вельмі злы быў, сварыўся на мяне: "Табе, што? Беларускіх хлопцаў не было?" нядобрыя словы ён гаварыў. Я адказала, што каханьне ёсьць каханьне. Ён урэшце супакоіўся, але я зразумела, што я не магу больш трэніравацца. Я яшчэ працавала на радыё і ў газэтах. На радыё, канечне, мне сказалі, што ня могуць мне дазволіць выходзіць у эфір, бо і яны ўсе страцяць працу”.

(Сурмач: ) “Вас не пазбавілі званьняў?”

(Адамовіч: ) “Адзінае, што мне не спадабалася, гэта тое, што ў Інстытуце фізкультуры, на катэдры фэхтаваньня віселі партрэты ўсіх майстроў спорту і мой таксама. І Бокун загадаў зьняць мой партрэт”.

(Сурмач: ) “У Амэрыцы Тацяна працягнула сваю спартовую кар’еру і была ўключаная ў Алімпійскую зборную Амэрыкі. На Алімпіядзе ў Мюнхене яна адчула, што адносіны да яе з боку былых сяброў пачалі мяняцца да лепшага”.

(Адамовіч: ) “Калі прыехалі на гэтую Алімпіяду, ў савецкай прэсе ўжо пісалі, што зь Менску беларуска ў амэрыканскай камандзе. Герману Бокуну было вельмі прыемна, што беларуская школа фэхтаваньня шануецца так у Амэрыцы, і што я выступаю за Амэрыку, што я – ягоная вучаніца. Насамрэч я была вучаніцаю ягонай жонкі Ларысы Пятроўны. На Алімпіядзе, калі мяне сустрэў, то сказаў, што яны вельмі ганарацца тым, што я трапіла ў алімпійскую каманду Амэрыкі, няхай, моў, ведаюць нашу беларускую школу фэхтаваньня. Тады ён ужо быў вельмі ветлівы са мною. Але, мне было вельмі балюча тады ў Вене, калі ён да мяне так паставіўся”.

(Сурмач: ) “Спадарыня Тацяна, як увогуле Вам запомнілася тая Алімпіяда 1972 году ў Мюнхене?”

(Адамовіч: ) “Тая Алімпіяда запомнілася ня толькі прыемнымі ўспамінамі – сьвятам адкрыцьця Алімпіяды, спаборніцтвамі, але і сумным здарэньнем. Палестынскія экстрэмісты напалі на ізраільскіх спартсмэнаў у Алімпійскай вёсцы. У 4 гадзіны раніцы яны атакавалі будынак, які займалі ізраільскія спартоўцы. І там быў адзін былы беларускі атлет, ён эміграваў і быў ужо грамадзянінам Ізраілю, забілі і яго. 8 ізраільскіх спартоўцаў тады загінулі ў гэтым будынку.

У тую раніцу мы вярталіся з вечарынкі, ішлі пад тым самым мастом у Алімпійскай вёсцы, гучна размаўлялі весяліліся, жартавалі, а яны ўжо сядзелі на мосьце. Яны таксама маглі на нас напасьці, але нам пашанцавала.

Раніцай абвясьцілі трывогу, сказалі, што спаборніцтвы перапыняюцца, усім спартоўцам заставацца ў сваіх пакоях і чакаць сыгналу, што рабіць далей. Потым палестынцаў арыштавалі. Быў жалобны марш усіх спартоўцаў. Увесь запал да спаборніцтваў неяк спаў”.

(Сурмач: ) “А Вы выступалі пасьля гэтага?”

(Сурмач: ) “Так, пасьля гэтага. У гэты дзень, калі быў жалобны марш, павінны былі па амэрыканскім тэлебачаньні паказваць перадачу, там было і пра мяне, зрабілі рэпартаж, бо я была першая беларуская і савецкая ўвогуле спартоўка ў амэрыканскай камандзе з усіх відаў спорту. Тады яшчэ эмігрантаў было мала з Савецкага Саюзу.

Я прыехала сюды ў 1968 годзе. Мне ўдзялялася шмат ўвагі, "Нью-Ёрк таймс" напісала. Але тады з-за жалобы ўсё перапынілі, пра мяне перадачу не паказалі.

Мы не спаборнічалі ў той дзень, увесь расклад памяняўся. не было магчымасьці спакойна падумаць, як псыхалягічна падрыхтавацца да зьменаў у раскладзе спаборніцтваў, бо кожны спартовец настройваецца на пэўны дзень і час, калі табе трэба выступаць. Так усё перамяшалася, што гэта ўжо былі не такія спаборніцтвы, як звычайна”.

(Сурмач: ) “А як сёньняшняя Алімпіяда ў Афінах, сочыце за спаборніцтвамі?”

(Адамовіч: ) “А як жа, я ўжо 10 дзён не сплю, бо тут паказваюць з 8.00 да 12.00 ночы. Назіраю за кожным відам спорту, асабліва за суродзічамі – беларусамі, усё ж такі сваё бліжэй да сэрца. але, канечне, і за амэрыканцамі – гэта мае калегі па спорту. Вельмі было прыемна. што на адкрыцьці Алімпіяды было амаль паўтары сотні спартоўцаў зь Беларусі”.

(Сурмач: ) “Як вы ацэньваеце беларускае фэхтаваньне сёньня?”

(Адамовіч: ) “Пасьля сьмерці Бокуна фэхтаваньне пайшло уніз, але зараз пачало падымацца таму, што многа трэнэраў новых зьявілася з тых спартоўцаў, якіх Бокун выгадаваў”.

(Сурмач: ) “А фэхтаваньне ў Амэрыцы на якім узроўні?”

(Адамовіч: ) “Фэхтаваньне ў Амэрыцы паднялося, амэрыканская шаблістка выйграла першае мейсца на Алімпіядзе, але яе трэнэр з Украіны. У Амэрыцы цяпер захапілі фэхтаваньне трэнэры з Украіны, з Расеі. Адзін беларускі алімпійскі чэмпіён Аляксандр Раманькоў зараз трэніруе тут ў Амэрыцы, недалёка ад Нью-Ёрку, ён працуе па кантракце”.

(Сурмач: ) “Вы маеце фэхтавальную школу, ці нехта з Вашых вучняў дасягнуў посьпехаў у гэтай спартовай дысцыпліне?”

(Адамовіч: ) “Адзін мой вучань ў трох Алімпіядах фэхтаваў. Цяпер у Атэнах таксама на Алімпіядзе адзін мой вучань Джонатан Цёмкін, ён у алімпійскай камандзе, у яго гэта ўжо другая Алімпіяда. Я вельмі ганаруся тым, што Алімпійскі камітэт Амэрыкі даў мне спэцыяльную грамату "Залатыя алімпійскія кольцы" за ўклад у алімпійскі рух Амэрыкі, што я шмат спартоўцаў высокага клясу падрыхтавала”.

(Сурмач: ) “Як Вы ацэньваеце цяпер сытуацыю ў Алімпійскім руху, якая розьніца назіраецца паміж той Алімпіядаю, у якой Вы ўдзельнічалі, і сёлетняй?”

(Адамовіч: ) “Мне трохі сумна ад таго, што так шмат праблемаў з допінгамі, судзьдзі таксама не заўсёды аб''ектыўна судзяць. Гэта ўсё не павінна мець мейсца на Алімпійскіх гульнях”.

(Сурмач: ) “Пад час Алімпіяды ў Мюнхене хіба не было выпадкаў ўжываньня допінгаў?”

(Адамовіч: ) “Не, у той час я ня чула і не памятаю і ня думаю, што нешта такое магло быць. Кантроль быў толькі чэмпіёнаў, калі яны заканчвалі спаборніцтвы. Толькі для чэмпіёнаў”.

(Сурмач: ) “Не адпавядае алімпійскім лёзунгам і тая сытуацыя, якая склалася вакол беларускай каманды, калі ейнаму кіраўніку не была выдадзена віза для ўезду ў Грэцыю з-за палітычных праблемаў”.

(Адамовіч: ) “Я думаю, што кіраўніком патрэбна выбіраць чалавека, які мае большыя адносіны да спорту, а не да палітыкі. Трэба выбраць такога чалавека, якому кожная краіна давярала б і адчыняла б перад ім дзьверы”.

(Сурмач: ) “Спадарыня Тацяна, а між Алімпіядамі Вы сочыце за выступленьнямі беларускіх спартоўцаў на розных спаборніцтвах?”

(Адамовіч: ) “Заўсёды, а як жа? У мяне ж кроў беларуская цячэ. Якая б форма не была і які б пашпарт не быў у чалавека, але кроў ёсьць кроў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG