Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакраты саступаюць адзін аднаму дарогу на выбарах


Уладзімер Глод, Менск Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук адмовіўся балятавацца ў 108-й выбарчай акрузе Менску. Ён зрабіў гэта на карысьць намесьніка старшыні партыі БНФ Юрыя Хадыкі й лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Міколы Статкевіча, якія хочуць зарэгістравацца кандыдатамі ў гэтай жа акрузе.

Гэтак жа, як Яраслаў Раманчук, паступіў і старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Чырвоненка. Ён саступіў дарогу свайму паплечніку па выбарчай кааліцыі “Пяцёрка+” Сяргею Антусевічу. Спадар Чырвоненка гаворыць, што да такога рашэньня яго падштурхнула прызначэньне Аляксандра Лукашэнкам рэфэрэндуму:

(Чырвоненка: ) “Калі быў аб’яўлены рэфэрэндум, каб паміж мною і спадаром Антусевічам не было ніякіх непаразуменьняў, я адразу напісаў заяву ў выбарчую камісію аб зьняцьці сваёй кандыдатуры”.

Паводле ацэнак экспэртаў, у 90 са 110 выбарчых акругаў вылучаныя як мінімум па два дэмакратычныя кандыдаты. Найбольшая канцэнтрацыя іх у сталіцы. Напрыклад, ва Ўруцкай 109-й акрузе дакумэнты на рэгістрацыю падалі ад партыяў, што ўваходзяць у “Пяцёрку+”, Павал Знавец, Алесь Міхалевіч і Ірына Паўлоўская, а таксама былы кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Ганчарык, якога падтрымлівае гэты выбарчы блёк. У 105-й Старавіленскай акрузе ў барацьбе за адзіны мандат могуць сысціся Алег Волчак (БСДГ), Уладзімер Колас (БНФ) і Аляксандар Цынкевіч (АГП).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG