Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У новым сэзоне гледачы Купалаўскага тэатру ўбачаць прэм’еры п’есаў Гамбровіча й Стопарда


Валянціна Аксак, Менск Сёньня Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы адчыняе свой 85 сэзон. Граць купалаўцы будуць свой фірмовы спэктакль – несьмяротную камэдыю нораваў “Паўлінку”. У галоўнай ролі – новая зорка купалаўцаў і беларускага кінематографа Сьвятлана Зелянкоўская. Акторкі, якія гралі Паўлінку да яе, таксама будуць у гэты вечар на сцэне.

Вядома, што ў Беларускім дзяржаўным тэатры, які потым стаў насіць імя народнага песьняра, ягоная “Паўлінка” была ўпершыню пастаўленая ў год стварэньня тэатру, 1920-м. І менавіта “Паўлінкай” тэатар імя Янкі Купалы распачынае свае тэатральныя сэзоны ўжо даволі даўно. А як склалася гэтая традыцыя? Дакладны адказ на гэтае пытаньне ў тэатры мне ўчора не далі. Адно зазначылі, што калі ў 1944 годзе тэатар вярнуўся ў Менск з эвакуацыі, то за першы пасьляваенны сэзон “Паўлінку” з аншлягам гралі 400 разоў. З таго часу спэктакль у афішы купалаўцаў нязьменна, і ўжо шмат сэзонаў ім адчыняецца сэзон.

Грае Паўлінку новая зорка купалаўцаў Сьвятлана Зелянкоўская, вядомая ўжо ня толькі па тэатры, але й па галоўных ролях у фільмах “Анастасія Слуцкая” і “Акупацыя. Містэрыі.”. А разам зь ёй на сцэну выйдуць дзьве яе папярэдніцы па гэтай ролі – Зоя Белахвосьцік і Ала Доўгая, якія былі купалаўскімі Паўлінкамі амаль па дваццаць сэзонаў. Пасьляваеннае Паўлінкі – Біруты Дакальскай – ужо няма.

Апрача “Паўлінкі” будзе ісьці й нязьменна аншлягавы спэктакль “Тутэйшыя”. Рэжысэр-пастаноўшчык “Тутэйшых” Мікалай Пінігін у новым сэзоне хоча паставіць на купалаўскай сцэне п’есу другога беларускага песьняра Якуба Коласа, “Сымон-музыка”.

Пра іншыя прэм’еры новага сэзону я папрасіла расказаць загадчыцу літаратурнае часткі тэатру Марыну Бартніцкую:

(Бартніцкая: ) “1 кастрычніка адбудзецца першая наша прэм’ера – прэм’ера спэктакля “Івона, прынцэса бургундская” паводле аднайменнай п’есы Вітальда Гамбровіча – драматурга вельмі вядомага на Захадзе, у Эўропе, і зусім, на жаль, невядомага ў нас. Мы ўпершыню зьвяртаемся да вельмі складанай, вельмі філязофскай драматургіі Вітальда Гамбровіча. У Любліне ў кастрычніку будзе ладзіцца фэстываль “Тэатральныя канфрантацыі”, які прысьвечаны 100-м угодкам Гамбровіча. Мы ўжо атрымалі запрашэньне на ўдзел нашага спэктакля ў гэтым фэстывалі.

Вельмі хочацца менавіта ў гэтым годзе ажыцьцявіць нашу мару – паставіць спэктакль паводле Ўладзімера Караткевіча. Я маю на ўвазе інсцэніроўку “Дзікае паляваньне караля Стаха”. Акрамя таго, рыхтуем заходні, сучасны спэктакаль пад умоўнай назвай “Прыходзіць вольны чалавек”, паводле Тома Стопарда. Ёсьць таксама прапанова са Стакгольма наконт сучаснай швэдзкай п’есы – гэта ў пэрспэктыве”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG